Артыкулы: Кейданская гімназія

Кейданская гімназія (лац. «Lyceum Caiodunense», «Collegium Caiodunense»), кальвінісцкая сярэдняя навучальная ўстанова ў г. Кейданы. Віленскі правінцыяльны сінод 1625 пастанавіў адчыніць 2 новыя кальвінісцкія школы — у Слуцку і Кейданах. На Віленскім правінцыяльным сінодзе 1629 прыняты агульны школьны статут, а на Кейданскім сінодзе 1629 — праграма навучання К.г. Адчынена ў 1629. Спярша школа была пачатковая, у ёй выкладаў 1 катэхіст. Фактычна гімназія пачала працу з 1631, калі пратэктары школы К.Радзівіл і яго жонка Ганна Кішка выдалі фундуш, паводле якога К.г. атрымала мураваны дом і 2,5 тыс. злотых штогод. Першапачаткова была 4-класная. Вывучалі пісьмо, чытанне, арыфметыку, польскую, лац. і грэчаскую мовы, рыторыку, гісторыю, этыку, логіку, тэалогію. Пры гімназіі дзейнічаў алюмнат (інтэрнат). Віленскі правінцыяльны сінода 1647 выдаў для К.г. новую праграму, тут пачалі вывучаць рус. мову. У сярэдзіне 17 ст., пасля шведскага нападу і смерці пратэктара школы Ю.Радзівіла,К.г. заняпала, у канцы 1660-х г. адрадзілася. У 1670-х г. у гімназіі 5 класаў і 5 настаўнікаў, у канцы 1670-х г. — 3 класы. У 1685 зацверджана новая праграма, якая прадугледжвала вывучэнне музыкі, выкладанне грэч. мовы адменена. Школа была папулярная сярод літ. шляхты, тут вучыліся дзеці мясц. шкотаў (шатландцаў), немцы з Прусіі. Пры гімназіі прыкладна ў 1651—53 дзейнічала Кейданская друкарня. У 1684 гімназія згарэла разам з бібліятэкай, разбурана ў час Паўн. вайны 1700—21. Зачынена ў 1863.

Літаратура:

Tworek S. Programy nauczania i prawa gimnazjum kalwińskiego w Kiejdanach z lat 1629 i 1685 // Odrodzenie i reformacja w Polsce. Warszawa, 1970. T. 15.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.