Артыкулы: Ладоўскі Рэмігіуш

Ладоўскі Рэмігіуш (свецкае Станіслаў; 5.4.1738, Валынь—1798), натураліст, педагог, філосаф Рэчы Паспалітай. У 1757 уступіў у ордэн піяраў, з 1766 святар. Вучыўся ў Падаліньцы, Жэшаве і Межырэччы-Карэцкім, Холме. Выкладаў у піярскіх навучальных установах у 1762 у Межырэччы-Карэцкім, у 1763—65 у Холме, Ловічы і Велюні, у 1767 у Пётркаве, у 1768—69 у Радаме, у 1772—76 віцэ-рэгент канвікта Шаняўскіх у Лукаве. Карыстаўся багатай бібліятэкай і кабінета натуральнай гісторыі мецэнаткі Ганны Ябланоўскай у Сямяцічах. З 1776 хатні выхавацель у сям’і Сцыпіёнаў, у 1787—92 у Аляксандра Сапегі, сына крайчага ВКЛ Юзафа Сапегі, у Вішніцах каля Уладавы. Мяркуецца, што ў старасці быў капланам у Сапегаў у Вішніцах. Л. быў выдатным дзеячам Асветніцтва. Меў шматлікія інтарэсы ў розных галінах навукі. Выдаў энцыклапедычны даведнік «Натуральная гісторыя Польскага каралеўства, або Кароткі збор па алфавіце выкладзеных жывёл, раслін і мінералаў, што знаходзяцца ў Польшчы, Літве і адлучаных правінцыях» («Historia naturalna Królestwa Polskiego, czyli zbiór krótki przez alfabet ułożony zwierząt, roślin i mineralów, znajdujących się w Polszcze, Litwie i prowincjach odpadłych», Кракаў, 1783; 2 выд., т. 1—2, 1804; у 1793 выдадзены па-нямецку), які ўтрымлівае каля 1 тыс. артыкулаў. Напісаў кнігу «Пра гадаванне пчол, іх размнажэнне і хваробы» («O chodowaniu pszczół, ich rozmnożeniu i chorobach», Варшава, 1781). Пераклаў з французскай мовы кнігу Шарля Леклерка дэ Мантліно «Слоўнік, які служыць для вывучэння натуральнай гісторыі» («Dykcjonarz służący do poznania historii naturalnej», т. 1—2, Кракаў, 1783). Належаў да фізіякратаў, чые погляды прапагандаваў у кнізе «Права натуры, права палітычнае і права народаў, кароткім і ясным спосабам для ўжытку шляхетнай моладзі напісанае» («Prawo natury, prawo polityczne i prawo narodów krókim i jasnym sposobem dla użytku szlachetnej młodzi spisane», Люблін, 1793). Па педагогіцы выдаў кнігу «Павіннасці для асобаў шляхецкага паходжання» («Powinności dla osób szlachetnie urodzonych», Люблін, 1788), пераклаў з французскай кнігу Ж.Бадора «Працы для шляхетнай моладзі вельмі карысныя, для адкрыцця і ўдасканалення прадметаў ім патрэбных» («Dzieła dla szlachetnej młodzieży wielce użyteczne, do odkrycia i wydoskonalenia przymiotów im potrzebnych», Люблін, 1785), падручнік па геаграфіі «Геаграфічная граматыка» («Gramatyke geograficzna» (т. 1—2, Варшава, 1774—84), апісанні падарожжаў Філіпа Аўрыля «Падарожжа ў розныя краіны Еўропы і Азіі» («Podróż do różnych krajów Europy i Azji», Варшава, 1791) і Генрыха Вільсана «Апісанне астравоў Пелеў» («Opisanie wysp Pelew», т. 1—2, Варшава, 1792). Для дзіцячага чытання пераклаў 21 камедыю Стэфаніі дэ Жанлі (т. 1—3, Варшава, 1787—88).

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.