Артыкулы: Лазар Барановіч

Лазар Барановіч [каля 1620—3(13).9.1693], дзеяч праваслаўнай царквы на Украіне. Вучыўся ў Кіеўскай брацкай школе, Віленскай акадэміі, Калішскім езуіцкім калегіуме. Пасля прыняцця манаства з пач. 1640-х г. выкладаў у Кіеўскім брацкім калегіуме, з 1650 яго рэктар, ігумен Кіеўскага брацкага манастыра. З-за цяжкіх ваенна-паліт. умоў пакінуў калегіум, у 1652 ігумен Кірылава манастыра, пасля — Купяціцкага і Дзяцелавіцкага каля Пінска. У 1655 або пач. 1656 вывез у Кіеўскі Сафійскі сабор Купяціцкі абраз Маці Божай. З 1657 епіскап чарнігаўскі і ноўгарад-северскі (з 1666 архіепіскап). У 1657, пасля смерці кіеўскага мітрапаліта Сільвестра Косава, месцаахоўнік мітрапаліцкай кафедры, садзейнічаў абранню Дыянісія Балабана, ад якога атрымаў незалежнасць і прамое падпарадкаванне канстанцінопальскаму патрыярху. Месцаахоўнік мітрапаліцкай кафедры ў 1659—61, калі Балабан з’ехаў у падначаленыя Польшчы землі. Удзельнічаў у саборы ў Маскве, што асудзіў патрыярха Нікана. Заснаваў у Ноўгарадзе-Северскім друкарню, пераведзеную ў 1679 у Чарнігаў, якая выпусціла больш за 50 рэліг. і літ. кніг. Выдаў зборнікі сваіх казанняў «Меч духоўны» (Кіеў, 1666, 2 выд. 1686) і «Трубы славес прапаведных» (Кіеў, 1674, 2 выд., 1679). Зборнік Л. «Лютня Апалонава» («Lutnia Apollinowa każdey sprawie gotowa», Кіеў, 1671) змяшчае больш за 1000 польскамоўных вершаў на рэліг. і свецкую тэматыку. Твор Л. «Новая мера старой веры» («Nowa miara starey wiary», 1676) скіраваны супраць трактата езуіта П.Боймы «Старая вера», дзе прапагандавалася уніяцтва.

Творы:

Письма. Чернигов, 1865.

Літаратура:

Сумцов Н.Ф. К истории южнорусской литературы семнадцатого столетия. Вып. 1. Лазарь Баранович. Харьков, 1885;

Евдокименко В.Ю. Суспільно-політичні погляди і діяльність Лазаря Барановича // З історії вітчизняної філософської та суспільно-політичної думки. Київ, 1959;

Шевченко В.І. Філософська зоря Лазаря Барановича. Київ, 2001.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.