Артыкулы: лазня

лазня, спецыяльна абсталяванае памяшканне для мыцця цела з адначасовым уздзеяннем вады і гарачага паветра ці пары. На Русі Л. ўпамінаюцца ў летапісах з 10 ст. На Беларусі Л. вядомы са старажытных часоў. Найбольш былі распаўсюджаны ў паўн. і ўсх. Беларусі. Размяшчаліся на некаторай адлегласці ад жылля, звычайна каля вадаёма. У сялянскіх гаспадарках пераважалі курныя рубленыя Л. невял. памераў. Былі нізкія квадратныя або прамавугольныя ў плане, без падмуркаў, накрытыя 2-схільнымі дахамі з саломы ці драніцы, мелі прылазнік. Унутры каля ўвахода стаяла курная печ з каменнем наверсе (для атрымання пару), уздоўж сцен — лаўкі, каля печы — палок (высокія нары). Асвятлялася 1—2 невял. вокнамі. Л. выкарыстоўвалі таксама і як сушыльні для лёну, канапель і інш. Больш развіты тып Л.— у панскіх сядзібах і фальварках. Разам з «чорнымі» (курнымі) існавалі «белыя» Л. (мелі абліцаваныя кафляй печы з умураванымі ў іх чанамі для падагравання вады, медныя або латунныя ванны). Нярэдка блакіраваліся з броварамі, варыўнямі, клецямі і інш. гаспадарчымі пабудовамі. Мелі 2-камерную будову — уласна Л. і прылазнік. Часам з Л. праз сенцы злучаліся каморы і святліцы. У буйных сядзібах Л. вырашаліся ў выглядзе рымскіх тэрм. Гэта былі 2-ярусныя цэнтрычныя збудаванні з галерэямі, завяршаліся купаламі і вежамі (радзівілаўская Альба пад Нясвіжам). У гарадах Беларусі Л. адзначаны і ў абласцях, дзе сялянскія лазні не вядомы (напр., у Клецку ў 1685); тут з супрацьпажарных меркаванняў дазвалялася будаваць па-за жылой забудовы, у спецыяльна вылучаных месцах (Жыгімонт Ї Аўгуст у 1568 у прывілеі г. Кнышын забараніў мяшчанам мець прыватныя лазні, дазволіўшы ім збудаваць адну агульныў у баку ад горада).

Літаратура:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Інькоў М.І. Сялянскія лазні // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 4;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина ХІХ—ХХ в. Мн., 1991;

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;

СергачевС.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992;

Janicka I. Urządzenia sanitarne w Wilnie w XIX wieku // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. 2005. № 3—4.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.