Артыкулы: Ланчыцкі Мікалай

Ланчыцкі Мікалай (10.12.1574, каля Нясвіжа—30.3.1653), дзеяч каталіцкай царквы, педагог, публіцыст. Сын Д.Ланчыцкага. Вучыўся ў школе пры Віленскім кальвінскім зборы, Віленскай акадэміі. У 1592 уступіў у ордэн езуітаў. У 1593 з’ехаў у Рым, дзе да 1601 вывучаў рыторыку, філасофію і тэалогію. З 1601 святар. У 1601—06 працаваў у цэнтр. архіве ордэна езуітаў, удзельнічаў у працы над 1-м томам гісторыі ордэна М.Арландзіні. У 1607—09 выкладаў Свяшчэннае Пісанне, палемічную тэалогію і стараж.-яўр. мову ў Віленскай акадэміі, адначасова прэфект Папскай і дыяцэзіяльнай семінарый. У 1609—14 выкладаў палемічную тэалогію ў Львове, адначасова прэфект будаўніцтва калегіума. У 1615 удзельнічаў у 7-й генеральнай кангрэгацыі ордэна ў Рыме, да 1617 застаўся ў цэнтр. архіве езуітаў для ўпарадкавання лістоў і распараджэнняў папярэдніх генералаў ордэна. У 1617—20 рэктар калегіума у Калішы, у 1620—21 выкладаў у Познані, у 1622—31 рэктар калегіума ў Кракаве (у 1625—30 быў у Рыме). З 1631 кіраваў Літ. правінцыяй ордэна. З 1635 выкладаў у навучальных установах Чэшскай правінцыі. У 1643—49 выкладаў кананічнае права ў Нясвіжы. У 1645—46 удзельнік 8-й генеральнай кангрэгацыі ордэна ў Рыме. З 1649 духоўнік у Браневе, а з 1652 — у Коўне, дзе і памёр. Вызначаўся моцным аскетызмам. Аўтар маральна-рэліг. твораў, напісаных пераважна на лац. мове. Яго найб. вядомая кніга «Аб праведнай любові да Бога і небажыхароў» («De piis erga Deum et coelites affectibus») была перакладзена на нямецкую, польскую, французскую, англійскую і чэшскую мовы. У творы «Размова за рускі саюз» («Discursus pro Ruthenis unitis») падтрымаў планы уніятаў на саюз з правасл. царквой і, хоць быў абскарджаны ў Рыме ў спрыянні праваслаўным, дамогся прыняцця кангрэгацыяй Літ. правінцыі рашэння аб забароне прапаведнікам і выкладчыкам выступаць супраць правасл. догматаў і літургіі.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.