Артыкулы: Ланчыцкі Павел

Ланчыцкі Павел (1572, г. Ланчыца, Польшча—1642), дзеяч каталіцкай царквы, перакладчык. Паходзіў з простага роду. У 1588 уступіў у ордэн бернардзінцаў. Накіраваны на вучобу ў Віленскую акадэмію, дзе вучыўся ў 1598—99 і быў наглядчыкам над інш. вучнямі-бернардзінцамі. У 1600 і 1604 наведаў Рым, вывучыў італьняскую мову, пачаў збіраць бібліятэку. Займаўся разбудовай кляштара св. Ганны ў Варшаве. У 1606 у складзе бернардзінскай місіі пры Марыне Мнішак адправіўся ў Маскву. Хутка там выбухнула паўстанне супраць Ілжэдзмітрыя І, і Л. апынуўся ў зняволенні ў Пасольскім двары. Пасля з інш. падданымі Рэчы Паспалітай адпраўлены ў Яраслаўль. Тут заняўся перакладамі лац. і італьянскіх кніг, у прыватнасці, пераклаў з італьянскай мовы геаграфічным трактат Джавані Батэра «Усеагульныя рэляцыі, альбо навіны паспалітыя» («Relatiae powszechne, abo nowiny pospolite», Кракаў, 1609; 2 выд. 1613; 3 выд. 1659). Гэта быў першы асобны геаграфічны твор на польскай мове, у ім ярка адлюстраваны Вял. геаграфічныя адкрыцці, падарожжы мараплаўнікаў, у т.л. Калумба. У зняволенні Л. пераклаў з італьянскай мовы кнігу партугальскага манаха Марка з Улісбоны «Хронікі трох законаў, заснаваных айцом св. Францыскам» («Kroniki trzech zakonów postanowionych od ojca S. Franciszka», Кракаў, ч. 1—2, 1610; 2 выд. 1747; ч. 3—4 выдадзены ў 1722). У жн. 1608 Л. вызвалены. Жыў у Кракаве, быў гвардыянам кляштараў у г. Сокаль над Бугам і Новэ над Віслай.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.