Артыкулы: Лапацінскі Антоні Станіслаў

Лапацінскі Антоні Станіслаў (каля 1720—да 24.4.1778), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З роду Лапацінскіх, сын Станіслава Лапацінскага, суддзі гродскага упіцкага, брат Крыштофа Лапацінскага. Меў маёнткі ва Упіцкім пав., трымаў землі ў Шадаўскай воласці. У 1740—60-х г. меў урад упіцкага ротмістра, з 1760 камандзір харугвы ў конным рэгіменце булавы вялікай (шэф Міхал Казімір Радзівіл, вял. гетман ВКЛ), з 1765 суддзя земскі ўпіцкі. У 1743, 1751 і 1761 дэпутат Трыбунала ВКЛ. Быў кліентам Радзівіла, пільнаваў яго інтарэсы на упіцкіх сойміках. У 1764 удзельнічаў у абранні караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. На сойме 1766 прызначаны ў камісію па размежаванні ВКЛ і Курляндскага герцагства. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі. Упіцкая шляхта стварыла мясцовую канфедэрацыю ў яе падтрымку 24.9.1768 і выбрала маршалкам Л. Аднак ён не здолеў сабраць вял. атрад канфедэратаў, пад ціскам рас. войскаў адышоў у Прусію. Тут разам з інш. павятовымі маршалкамі канфедэратаў удзельнічаў у абранні Ануфрыя Гневаміра Бянклеўскага агульным маршалкам канфедэратаў у ВКЛ і пасылцы яго да кіраўніцтва Барскай канфедэрацыі. З канцы 1769 жыў у Варміі, у пач. 1770 прыбыў у Цешын (Сілезія), дзе асталявалася Генеральнасць канфедэрацыі. У пач. 1773 вярнуўся ў ВКЛ. Удзельнічаў у соймавых камісіях па вырашэнні маёнтках спрэчак, па вызначэнні граніцы з Курляндыяй.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.