Артыкулы: Лапуцкі Станіслаў
Лапуцкі Станіслаў (?—кастр. 1669), расійскі мастак. Смаленскі шляхціц, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон. У 1656 прыняты на працу ў Аружэйную палату ў Маскве. Выконваў адказныя даручэнні. Пісаў партрэты цара Аляксея Міхайлавіча (1657, 1661), займаўся разьбой, залачэннем, серабрэннем. Рабіў чарцяжы жалезных заводаў (1661). У 1663—64 выканаў вял. карту Расіі, ВКЛ, Малой Расіі і шведскіх уладанняў у Прыбалтыцы. Размаляваў вял. колькасць (некалькі дзесяткаў) сцягоў для армейскіх палкоў, Іншаземнага прыказа, прыказа Вял. палаца і інш., з якіх захаваўся адзін з выявай цара Канстанціна (зберагаецца ў Аружэйнай палаце). Пасля заключэння Андросаўскага перамір’я 1667 атрымаў права вярнуцца на радзіму, але застаўся ў Маскве і быў узнагароджаны. У 1669 рабіў размалёўкі (царскія і іншаземныя гербы) у Каломенскім палацы.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне