Артыкулы: Лапчынскі Валенты

Лапчынскі Валенты (?—каля 1604), друкар. Першапачатковае прозвішча Лапка, сын солтыса вёскі з-пад Радамска. Працаваў у кракаўскай друкарні Мікалая Шарфенбергера, якія дзякуючы кароннаму канцлеру Яну Замойскаму атрымаў прывілей караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя. За гэта Шарфенбергер павінен быў трымаць пры каралеўскай канцылярыі перасоўны друкарскі варштат, падпарадкаваны падканцлеру Яну Замойскаму. Гэтай «лятучай друкарняй» кіраваў Л., які атрымаў права ў месцах каралеўскага прабывання прадаваць кнігі, паперу і пергамен, меў утрыманне і ад Замойскага, які загадваў друкаваць пэўныя выданні ненарматыўнага характару. Л. выдаваў пабаровыя універсалы, соймавыя канстытуцыі, каралеўскія загады, «лятучыя лісткі» з паведамленнямі пра ваенныя дзеянні супраць Гданьска і маскоўскіх войск у час Інфлянцкай вайны 1558—82, мастацкія творы. Друкарня Л. дзейнічала пад Гданьскам (1577), у Варшаве і Львове (1578—79), пад Полацкам (1579), зноў у Варшаве (1579—80), у Кнышыне, Вільні (1580), Варшаве (1581). У 1581 пад Псковам Стафан Баторый набілітаваў друкара за ваенныя заслугі з наданнем яму прозвішча Л. У 1581 Л. вярнуў друкарскія матэрыялы Шарфенбергеру і заняўся гаспадараннем на вёсцы. «Лятучай друкарні» прыпісваюцца 23 выданні (А.Кавецка-Грычова), аднак цяпер сярод іх няма такіх, якія маглі быць надрукаваны на тэрыторыі ВКЛ.

Літаратура:

Kawecka-Gryczowa A. Dzieje «drukarni latającej» // Kawecka-Gryczowa A.Z dziejów polskiej książki w okresie Renesansu. Wrocław, 1975.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.