Артыкулы: Летавы (Форбек-Летавы)

Летавы, Форбек-Летавы, шляхецкі род уласнага герба. Выводзілі сябе са шляхты Зах. Памор’я. Першапачаткова насілі прозвішча Літаў, Літаўэр. Родапачынальнік — бедны мешчанін з Эльбланга Матэвуш, які перасяліўся ў Вільню, дзе заняўся лекарскай дзейнасцю, у 1635 быў бурмістрам, у 1630 — куратарам Віленскага лютэранскага збору. У сярэдзіне 17 ст. Л. дамагліся зацвярджэння сваіх шляхецкіх правоў. Найб. вядомыя:

Мацей (12.2.1593, Вільня—7.6.1663), сын Матэвуша. Вучыўся ў школе пры Віленскім лютэранскім зборы, у Караляўцы, Гданьску, Віленскай акадэміі, падарожнічаў па Германіі, Швейцарыі, Нідэрландах, Францыі, Італіі, дзе ў 1612 паступіў у Падуанскі ун-т. Пасля вяртання з 1616 лекар у Вільні, служыў у гетмана К.Радзівіла, а з 1635 — у караля Уладзіслава IV. Атрымаў пасаду каралеўскага сакратара, з 1636 скарбовы дваранін ВКЛ. Суправаджаў караля ў паездках унутры краіны і за мяжой. Быў шчырым лютэранінам, з 1636 куратар Віленскага збору, а з 1652 яго свецкі сеньёр. У 1652 кіраўнік Віленскага манетнага двара. У 1655—57 у эміграцыі ў Прусіі. Паводле загаду Б.Радзівіла збудаваў лютэранскую кірху ў Слуцку. Валодаў маёнткамі ў Польшчы, у Новагародскім і Старадубскім пав., каля Вільні. Аўтар вял. і цікавых мемуараў, напісаных па-польску (надрукаваны ў 1968), дзе шмат звестак пра ваенныя падзеі сярэдзіны 17 ст.

Крыштоф Віктарын Збігнеў (27.2.1621—15.12.1691), сын Мацея. Разам з бацькам жыў пры каралеўскім двары. Ад Уладзіслава IV атрымаў пасады каралеўскага сакратара і скарбовага двараніна ВКЛ. З 1648 удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць казацкіх войск Б.Хмяльніцкага, пасля ў войнах з Расіяй і Швецыяй. Стражнік польны ВКЛ з 1656, стольнік новагародскі з 1665, старадубскі войскі з 1666?, суддзя земскі з 1672, падкаморы з 1681, маршалак з 1683; каралеўскі палкоўнік, стараста васількаўскі і барцянскі; пасол на сойм 1669. Валодаў маёнткамі ў Старадубскім пав., Полацкім і Менскім ваяв. Першапачаткова шчыры лютэранін, пасля перайшоў у каталіцтва.

Аляксандр Ежы (?—да 14.3.1707), сын Мацея. Старадубскі скарбнік з 1665, стольнік з 1672, харужы з 1688, падкаморы з 1689, маршалак з 1692, стражнік польны ВКЛ з 1692.

Літаратура:

Vorbek-Lettow М. Skarbec pamięci / Oprac. E.Galos i F.Mincer. Wrocław, 1968.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.