Артыкулы: летапісы цвярскія

летапісы цвярскія, летапісы 15—16 ст., складзеныя ў Цвяры. Змяшчаюць звесткі па гісторыі Цвяры, Масквы, Ноўгарада, Пскова, пра адносіны гэтых зямель з ВКЛ. Мяркуецца, што 1-ы цвярскі летапісны збор складзены ў 1375, 2-і — у 1409. Непасрэдна Л.ц. не захаваліся (акрамя фрагмента за 1314—44), значныя цвярскія летапісныя матэрыялы ёсць у Цвярскім зборніку (Цвярскім летапісу), Рагожскім летапісцы і «Пахвальным слове аб благаверным князю Барысе Аляксандравічу» інака Фамы. У Цвярскі зборнік — летапіс 16 ст. — уключаны значныя фрагменты цвярскога летапісання канца 13—канца 15 ст.; захаваўся ў 3 спісах 17 ст., напісаных на бел. ці ўкр. землях (Пагодзінскі, Забелінскі і Талстоўскі). Утрымлівае звесткі з Цвярскога збору 1375 і пазнейшыя звесткі да 1486, калі Цвер была далучана да Маскоўскай дзяржавы. Рагожскі летапісец — летапіс 1-й пал. 15 ст., вядомы ў адным спісе. Яго звесткі за 1288—1327 падобныя з тэкстам Цвярскога зборніка, звесткі за 1328—1374 таксама ў значнай частцы ўзяты з крыніцы, блізкай да Цвярскога зборніка.

Літаратура:

Инока Фомы слово похвальное о благоверном великом князе Борисе Александровиче. СПб., 1908;

Насонов А.Н. Летописные памятники Тверского княжества // Изв. АН СССР. Сер. 7. 1930. № 9;

Яго ж. О тверском летописном материале в рукописях XVII в. // Археографический ежегодник за 1957 г. М., 1958;

Полное собрание русских летописей. Т. 15. М., 1965;

Прохоров Г.М. Центрально-русское летописание второй половины XIV в.: (Анализ Рогожского летописца и общие соображения) // Вспомогательные исторические дисциплины. Л., 1978. Т. 10.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.