Артыкулы: Лінтфары Марцін Ян

Лінтфары Марцін Ян (?—каля 1514—15), дзеяч каталіцкай царквы ВКЛ, дыпламат. Быў літвінам нямецкага паходжання, відаць, мешчанінам, які пасля атрымання біскупскай годнасці набыў шляхецтва з гербам «Мярава». Паводле звестак Альберта Каяловіча, 30 гадоў вучыўся ў Італіі, дзе стаў знатаком права (паводле папскай булы, атрымаў літаратурную адукацыю). Паводле некаторых дадзеных, з 1463 канонік віленскі, пробашч Віленскага касцёла св. Яна. Прыкладна з 1491 архідыякан віленскага капітула, з 8.10.1492 біскуп жамойцкі. Меў шматлікія бенефіцыі: каноніі ў Познані і Бельгіі, плябанію ў Гнезненскай архідыяцэзіі, алтарыю св. Мікалая ў Калішы, заставаўся канонікам віленскім. У Жамойцкай епархіі стварыў 7 новых парафій, уладкаваў канцылярыю і архіў біскупаў. У 1507 фундаваў капліцу і алтарыю ў Варніскім кафедральным касцёле. Адыгрываў значную ролю ў палітыцы ВКЛ. У 1496 удзельнічаў у працы Віленскага з’езда па выпрацоўцы ўмоў польска-літоўскай уніі. У 1499 пасол ВКЛ у Польшчу, удзельнічаў у перагаворах адносна уніі паміж прадстаўнікамі ВКЛ і Польшчы ў Кракаве. У 1501 пасол у Польшчу ў справе абрання вял. князя літоўскага Аляксандра на польскі трон. Прыхільнік Мельніцкай уніі 1501. Удзельнічаў у Віленскім сойме 1508—09.

Літаратура:

Błaszczyk G. Diecezja żmudzka od XV do początku XVII w. Ustrój. Poznań, 1993.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.