Артыкулы: Лукомскі Самуэль

Лукомскі Самуэль (?—1659), ваенны дзеяч ВКЛ. З роду князёў Лукомскіх,сын аршанскага падсудка Мікалая Багданавіча Лукомскага. У пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля заняцця рас. войскамі Полацка і Віцебска сабраў значны атрад шляхты ў паўн. Беларусі (больш 4 тыс. конніцы), атрымаў таксама ад гетмана Януша Радзівіла некалькі атрадаў прафесійных жаўнераў. Каля 30.1.1655 атрад Л. стаў лагерам каля Віцебска, маючы намер у зручны момант знянацку захапіць горад. Аднак вылазка віцебскага гарнізона на чале з Мацвеем Васілевічам Шарамецевым скончылася разгромам войска Л., якое страціла абоз, а сам Л. быў паранены. У ноч на 1.2.1655 войска Л. прадпрыняла штурм Віцебска, але не дабілася поспеху і адступіла да Бешанковіч. Да яго далучылася некалькі татарскіх харугваў. У сярэдзіне лют. 1655 Л. безвынікова штурмаваў Усвяты (страціў 300 чал. забітымі, 56 чал. трапілі ў палон). У час летняга наступлення 1655 супраць атрадаў Л. дзейнічалі атрады паўн. групы рас. войск пад камандаваннем Васіля Пятровіча Шарамецева. Л. са сваімі харугвамі адышоў на Пд, пасля падзення Вільні злучыўся з войскамі Паўла Сапегі, ад якога атрымаў камандаванне над казацкай харугвай. У снеж. 1655 далучыўся да Тышавецкай канфедэрацыі вайскоўцаў. Па даручэнні Сапегі Л. бараніў Камянец, што засланяў Берасце ад рас. і шведскіх войск і іх саюзнікаў. У сак. 1656 атрад Л. разбіты Багуславам Радзівілам, які заняў Камянец. Летам 1565 Л. камандаваў харугвай у час шведскай аблогі Варшавы.

Літаратура:

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. М., 1974;

Бабятынскі К. Ад Смаленску да Вільні: Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655 гг.) // Arche. 2008. № 7—8. С. 312—315.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.