Артыкулы: Луцкі павет

Луцкі павет, адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у сярэдзіне 15—сярэдзіне 16 ст., у Польскім каралеўстве ў 2-й пал. 16—канцы 18 ст. Цэнтр — г. Луцк. Утвораны, відаць, пасля смерці ўладальніка Валыні вял. князя Свідрыгайлы (1452). Кіраўніком павета быў стараста луцкі — галоўны ўраднік Валынскай зямлі. У Л.п. уваходзілі землі ў верхнім цячэнні рэк Стаход, Стыр, Гарынь і левабярэжжа верхняга цячэння Случы з маёнткамі Мосар, Сернікі, Любча (уладанне князёў Друцкіх-Любецкіх), Бурэмля (маёнтак князёў Бурэмскіх), Пераміл, Клявань, Млынава, Таргавіца, Несвіч, Жыдзічын, Астрожац (родавае гняздо князёў Галаўнёў-Астрожацкіх), Чацвяртня (уладанне князёў Чацвярцінскіх), Сокаль, Чартарыйск (родавае гняздо князёў Чартарыйскіх), Перасопніца, Дубровіца (уладанне князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх), Астрог (родавае гняздо князёў Астрожскіх), Корац (уладанне князёў Карэцкіх), Заслаў (уладанне князёў Заслаўскіх), Палоный, Дзермань, Сцепань і інш. Шмат маёнткаў Л.п. вял. князі літоўскія перадалі ва ўладанне князям Сангушкам, Чартарыйскім, Астрожскім, Карэцкім, Вішнявецкім, панам Храптовічам, Шылавічам, Багавіцінавічам, Воўчкавічам, Барзабагатым і інш. Разам з Уладзімірскім і Крэменецкім паветамі Л.п. у ходзе адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшоў у склад Валынскага ваяводства ВКЛ. З 1569 у складзе Польскага каралеўства. У 1791 са складу Л.п. вылучаны Уладзімірскі 1-ы і Гарыньскі паветы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) усх. частка Л.п. ў складзе Рас. імперыі, пасля 3-га падзелу (1795) захоплена рэшта Л.п.

Літаратура:

Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. [M., 1892]. С. 209—226;

Крикун М. Адміністративно-територіальний устрій Правобережної України в XV—XVIII ст.: Кордони воєводств у світлі джерел. Київ, 1993.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.