Артыкулы: Любеч

Любеч (цяпер пасёлак гарадскога тыпу ў Рэпкінскім р-не, Украіна), горад у Кіеўскім, потым у Смаленскім ваяв., на левым беразе Дняпра. Вядомы з 9 ст., з 11 ст. ў Чарнігаўскім княстве. У сярэдзіне 14 ст. ўвайшоў у склад ВКЛ. У 1387 кароль польскі Ягайла (Уладзіслаў ІІ) надаў Л. з інш. ўладаннямі свайму брату Скіргайлу. У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) названы сярод кіеўскіх гарадоў. У горадзе быў драўляны замак, які ахоўваў брод праз Дняпро. Л. уваходзіў у склад Кіеўскага княства, з 1471 — Кіеўскага ваяв. У 1-й пал. 15 ст. невядомы вял. князь літоўскі перадаў Л. у род Манівідаў. Горад згадваецца ў тастаменце памерлага ў 1458 Івана Манівідавіча, пасля, відаць, дастаўся яго сыну Войцеху, што памёр у 1475. У 1484 вял. князь літоўскі і кароль польскі Казімір разам з інш. маёнткамі надаў Л. збегламу з Масковіі князю Васілю Міхайлавічу Вярэйскаму. Вял. князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр у 1505 і 1506 пацвердзіў валоданне Л. з замкам і правам збору мыта дачцы В.М.Вярэйскага — Соф’і і яе мужу, канцлеру ВКЛ Альбрэхту Гаштольду (яшчэ раз падараванне пацверджана Жыгімонтам І Старым у 1522). У 1548 Соф’я Вярэйскага зрабіла запіс на карысць царкве ў Л. Пасля яе смерці (1549) Л. вярнуўся ва ўласнасць вял. князя. Горад быў цэнтрам воласці па абодвух баках Дняпра. У 1526, калі Л. валодаў Гаштольд, размежаваны Любецкая і Гомельская воласці. Пасля заключэння Люблінскай уніі ў складзе Польскага каралеўства. У 1571 у Л. 502 дымы, адзначана Любецкае стараства, да якога адносіліся 15 сёл. У склад стараства ўваходзіла Лоеўская воласць (з 1585 стараства) і Брагінская воласць. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 у 1612—13 на Л. нападалі маскоўскія войскі. Паводле рашэння сойма 1646 Любецкае стараства ўключана ў Старадубскі пав. Смаленскага ваяв. ВКЛ. У 1648 горад захапілі ўкр. казакі, горад стаў цэнтрам казацкай сотні Чарнігаўскага палка. Згодна з Андросаўскім перамір’ем 1667 Л. разам з Левабярэжнай Украінай адышоў у склад Расіі.

Літаратура:

Ochmański J. Moniwid i jego ród: Studium z dziejów możnowładztwa litewskiego w XV wieku: Pierwsze w Wielkim Księstwie Litewskim latyfundium świeckie // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 2003. Т. 9. C. 45—47;

Кондратьєв І. Лоєвське староство у 1585—середині XVII ст. // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Рэчыца, 22—23 верасня 2005 г. Гомель, 2005.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

С. Бельскі 2020-06-14 08:31:19
Прапаную азнаёміцца з заўвагамі да больш позняй публікацыі І. В. Кандрацева па тэме: http://hojniki.ucoz.ru/index/kandracew/0-510#

С. Бельскі 2020-06-14 07:25:06
Брагінская воласць ніколі не належала да Любецкага стараства. І. В. Кандрацеў памылкова праводзіць гэтую ідэю ад 2005 года.

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.