Артыкулы: Людвіка Марыя Ганзага дэ Невер

Людвіка Марыя Ганзага дэ Невер (8.8.1611, г. Парыж—10.5.1667), каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка Уладзіслава IV, потым Яна ІІ Казіміра. Дачка Карла Ганзага, герцага Мантуі і Монферата. Атрымала добрую адукацыю. Перагаворы з каралём польскім і вял. князем літоўскім Уладзіславам IV пра шлюб з Марыяй (2-е імя Людвіка набыла пасля шлюбу) пачаліся ў 1634, аднак у той час Уладзіслаў IV ажаніўся з Цэцыліяй Рэнатай Габсбург. Пасля смерці бацькі (1637) яго княства Невер уключана ў склад Францыі, а сама Марыя атрымала ад французскага караля тытул герцагіні дэ Невер і паўнамоцтвы кіраўніка герцагства. Трымала ў Паружы літаратурны салон, які наведваў будучы кароль польскі і вял. князь літоўскі Ян ІІ Казімір (кардынал Рышэлье выношваў планы іх ажаніць). Пасля смерці Рышэлье ва ўмовах польска-французскага збліжэння кардынал Мазарыні арганізаваў шлюб Марыі і Уладзіслава IV (1645). Шлюб адбыўся 10.3.1646 у Варшаве, каранацыя Л.М. — 15.7.1646 у Кракаве. На сойме 1647 устаноўлена забеспячэнне каралевы: вена ў памеры 100 тыс. злотых, яшчэ 100 тыс. злотых прывенка, забяспечаных даходамі з польскіх маёнткаў Бельск, Райгорад, Грудзёндз, Тухоля, Свеце, Ломжа, Любамль, Усце з Пілай, Капінас, Казунь з Младзешынам; у ВКЛ — Юрбарк з Новай Воляй, Упіта, Бабруйск, Саколка (большасць маёнткаў знаходзілася ў трыманні інш. асобаў). Пазычыла мужу значныя сродкі на вайну супраць Турцыі. Суправаджала яго ў паездцы па ВКЛ. Аўдавела ў 1648, пасля чаго садзейнічала абранню на трон Яна ІІ Казіміра. Умовай абрання было заключэння паміж імі шлюбу (30.5.1649). Л.М. аказвала значны ўплыў на Яна ІІ Казіміра, праводзіла палітыку ўмацавання каралеўскай улады. Арганізоўвала барацьбу супраць шведаў падчас Паўночнай вайны 1655—60. Дзеці Л.М. і Яна ІІ Казіміра — Марыя Ганна і Ян Жыгімонт памерлі ў маленстве, пагэтаму Л.М. выношвала планы перадачы трона Рэчы Паспалітай прафранцузскаму кандыдату — прынцу Кандэ. Супраць каралеўскіх планаў выступіў Ежы Себасцьян Любамірскі, які арганізаваў рокаш (гл. Любамірскага рокаш 1665—66). Раптоўна памерла ў Варшаве. Л.М. адыграла значную ролю ў паліт. і культурным збліжэнні Рэчы Паспалітай і Францыі. Л.М. была мецэнаткай, падтрымлівала дабрачыннасць, каталіцтва, але талерантна ставілася і да інш. вызнанняў.

Літаратура:

Libiszowska Z. Żona dwóch Wazów. Wrocław, 1963;

Яе ж. Królowa Ludwika Maria. Warszawa, [1985];

Яе ж. Królowa Ludwika Maria na Śląsku, 1655—1656. Katowice, 1986;

Targosz K. Uczony dwór Ludwiki Marii Gonzagi (1646—1667): Z dziejów polsko-francuskich stosunków naukowych. Wrocław; Gdańsk, 1975;

Fabiani B. Warszawski dwór Ludwiki Marii. Warszawa, 1976.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.