Артыкулы: людвісарня

людвісарня, майстэрня па адліву буйных рэчаў з каляровых металаў, галоўным чынам гармат і званоў. Мела печ для плаўкі металаў (медзі, волава, бронзы, жалеза), формы з зямлі і гліны для адліўкі вырабаў, інструменты для канчатковай апрацоўкі паверхні званоў і гармат, станкі для свідравання адтулін у гарматах (прыводзіліся ў дзеянне з дапамогай млыновых колаў). Адліўка званоў існавала ў Стараж. Русі, і яе традыцыі перайшлі ў ВКЛ. Вядомы званы канца 14—пач. 15 ст. з рус. надпісамі, зробленыя для цэркваў Вільні, Новагародка і Падляшша. У сярэдзіне 16 ст. адліты царкоўны звон у Мсцібаве. Паводле дакументаў віленскія Л. вядомы з 2-й чвэрці 16 ст. Вял. князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст уладкаваў у Вільні каля Дольнага замка Л. па вырабе гармат (гл. Віленская пушкарня). Яна працавала да 1630-х г., адліваючы палявыя і фартыфікацыйныя гарматы. У Нясвіжскім замку Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка заклаў Нясвіжскую людвісарню. Людвісар Герман Мольцфельд у канцы 16—пач. 17 ст. адліў у ёй прынамсі 3 ажурныя званы для гадзіннікаў і шмат багата ўпрыгожаных гармат. У канцы 16 ст. трымаў Л. ў Коўне і Вільні майстар Марцін Гофман. Відаць, з канца 16 ст. мелі ў Вільні Л. і інш. майстры. У 17 ст. тут адліваў званы і гарматы Іаган Бротэльт, у 2-й пал. 17 ст. выраблялі званы Ян Дэлямарс, Ганс Ульрых Бадэр, Фёдар Фёдаравіч Пярвец. Людвісар Габрыель Дарафеевіч адліваў званы ў Полацку (1644) і Пінску (1648). У сярэдзіне 17 ст. была Л. па адліўцы званоў у Магілёве. Багуслаў Радзівіл у сярэдзіне 17 ст. меў Л. для адліўкі гармат у Слуцку, у канцы 17 ст. тут працаваў людвісар КазімірЛегер. У пач. 18 ст. часовыя Л. па адліўцы званоў дзейнічалі ў Крожах і Датнаве ў Ковенскім пав. У 1-й пал. 18 ст. мелі Л. ў Вільні майстры Бенжамін Фінгерлінг, Іаган Піль, Крысціян, Кароль Готліб Шпар, Тамаш Гапановіч, у 2-й пал. 18 ст. — Антоній Гапановіч, Густаў Мёрк, Ян Самуэль Вагнер. У Нясвіжы ў 1-й пал. 18 ст. працавала радзівілаўская Л. па адліўцы званоў, у 2-й пал. 18 ст. — па вырабе гармат. Каля 1747 Геранім Фларыян Радзівіл заснаваў Урэцкую людвісарню па адліўцы гармат і званоў, якая спыніла дзейнасць задоўга да 1774. У час паўстання 1794 Л. па адліўцы гармат была арганізавана ў Вільні (людвісар Ян Самуэль Вегнер).

Літаратура:

Brensztejn M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1924;

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 29—32;

Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa (1676—1746): Działalność gospodarcza i mecenat. Warszawa, 2000;

Martinaitienė G.M. «IOANNES BREUTELT NOBIS FECIT…» // Menotyra. 2001. № 2.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.