Артыкулы: Ляпкоўскі Іосіф

Ляпкоўскі Іосіф (Юзаф, свецкае iмя Ян; ?—2.9.1778), дзеяч унiяцкай царквы ВКЛ. Паходзіў з шляхецкай каталіцкай сям’і герба «Дамброва» з Візнаўскай зямлі. Быў старастам пеліканскім. У спадчыну ад бацькі Караля атрымаў разам з братам Міхалам, ротмістрам аршанскім, маёнткі ў Аршанскім пав. Сваю частку спадчыны запісаў базыльянскаму манастыру ў Оршы, які заснаваў у 1758. Уступіў у базыльянскі ордэн і стаў ігуменам заснаванага манастыра. Дзякуючы падтрымцы уніяцкага архіепіскапа смаленскага Іраклія Лісанскага ў 1767 атрымаў ад караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага пасаду смаленскага каад’ютара і архімандрыта Ануфрыеўскі манастыр у Мсціслаўскім ваяводстве. Ад імя Лісанскага пачаў у нунцыятуры ў Варшаве судовы працэс з полацкім архіепіскапам Ясонам Смагаржэўскім, які захапіў частку Смаленскай уніяцкай архіепархіі (17 дэканатаў у Мсціслаўскім ваяв.). Пасля смерці Лісанскага (1771) Л. прызначаны смаленскім архіепіскапам, застаўшыся ануфрыеўскім архімандрытам. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), не жадаючы стаць падданым Расійскай імперыі, пачаў рабіць захады для пераезду ў інш. базыльянскі манастыр, аднак папскі нунцый Я.Гарампі пераканаў яго застацца. Са згоды магілёўскага губернатара Л. былі падпарадкаваны таксама Гомельскі і Рагачоўскі дэканаты, якія раней падпарадкоўваліся уніяцкай мітрапаліцкай дыяцэзіі і адышлі ў склад Расіі. Пасля гэтыя дэканаты былі падпарадкаваны імператрыцай Кацярынай ІІ Смагаржэўскаму, але Л. здолеў захаваць над імі ўладу як яго вікарый. У 1774 дзякуючы ініцыятыве Смагаржэўскага створана Мсціслаўская суфраганія Смаленскай архіепархіі (на сядзібу епіскапа-сфрагана прызначаны Ануфрыеўскі манастыр). У якасці суфрагана быў прапанаваны пляменнік Л. — Іраклій Лісоўскі (пазнейшы полацкі архіепіскап), які ў 1778 прызначаны адміністратарам Ануфрыеўскай архімандрыі. Хутка пасля Л. памёр як апошні уніяцкі смаленскі архіепіскап. Пахаваны ў Аршанскім базыльянскім манастыры. У 1775 атрымаў ад Панятоўскага ордэн св. Станіслава.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.