Артыкулы: Нарбуты

Нарбуты, шляхецкi род герба «Трубы». Родапачынальнiк баярын Нарыбут (Нарбут) атрымаў ад вял. кн. Жыгiмонта Кейстутавiча [1432—40] маёнткi Армяны i Калтыняны ў Лiтве, а ад вял. кн. Казiмiра [1440—92] — 7 людзей. Паводле родавай легенды, Н. былi адгалiнаваннем магнацкага роду Осцiкаў, таму часам пiсалiся Осцiкамі-Нарбутамi. Найб. вядомыя:

Войцех Нарбутавiч (?—1510?), сын Нарыбута (Нарбута). Намеснiк ясвойнскi ў 1501, харужы дворны ў 1501—05, маршалак гаспадарскi ў 1505—09.

Войцех Войцехавiч (?—1540), сын Войцеха Нарбутавiча. Харужы вялiкi ВКЛ з 1529.

Мiкалай Войцехавiч (?—каля 1556), сын Войцеха Нарбутавiча. Стараста крэўскi з 1538 або 1539, мазырскi (атрымаў стараства да 1542), маршалак гаспадарскi ў 1546—53, ваявода падляскi з 1551. Са сваiх маёнткаў у Слонiмскiм, Свянцянскiм i iнш. паветах выстаўляў у войска 1200 воiнаў.

Станiслаў Мiкалаевiч (?—1596), сын Мiкалая Войцехавiча. Стараста ашмянскi ў 1589, ваявода мсцiслаўскi з 1595.

Юзаф (?—пасля 1797), лiдскi стольнiк, пасля харужы ў 1768—94, стараста мерацкi з 1773; пасол на соймы 1773 і 1780. Сакратар Таргавiцкай канфедэрацыi, у 1793 сакратар Камiсii палiцыi ВКЛ.

Антонi (?—пасля 1798), сын Казiмiра (лiдскага мечнiка, войскага i маршалка). Пасол на соймы 1764 (падпiсаў элекцыю караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага) i 1778 (быў абраны ў Скарбовую камiсiю ВКЛ). Лiдскi канюшы ў 1770—72, падчашы ў 1773—84, стольнiк у 1785—94, маршалак у 1797—98.

Дамiнiк (?—пасля 1807?), брат Антонiя. Пасол на сойм 1764, удзельнiчаў у элекцыi караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага. Стараста мiжэвiцкi з 1771, лiдскi чашнiк у 1770—74 i войскi ў 1775—94;

дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1789, пасол на сойм 1782 i Чатырохгадовы сойм 1788—92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Падпiсаў Вiленскi акт паўстання 1794, чл. Найвышэйшай лiтоўскай рады (яе сакратар, чл. крымiнальнага суда). Пасля падаўлення паўстання яго расшуквалi як адказнага за смяротнае пакаранне гетмана Ш.Касакоўскага.

Данiла (у манастве Казiмiр; 3.1.1738—17.3.1807), брат Антонiя, фiлосаф, гл. Нарбут К.

Юстын (каля 1773—25.9.1845), гiсторык, гл. Нарбут Ю.

Тэадор [8.11.1784—14(26).11.1864], гiсторык, гл. Нарбут Т.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.