Артыкулы: Нарушэвiч Адам Тадэвуш Станiслаў

Нарушэвiч Адам Тадэвуш Станiслаў (20.10.1733, каля мяст. Лагiшын, Пiнскi пав.—8.7.1796), гiсторык, паэт, асветнiк. З роду Нарушэвiчаў. Ахрышчаны ў Лагiшыне як Адам Тадэвуш, з 1781 карыстаўся iмем Станiслаў. Вучыўся ў Пiнскiм езуiцкiм калегiуме, дзе ў 1748 уступiў у ордэн езуiтаў, у 1748—54 — у Вiленскай акадэмii, у 1758—62 — у Лiёне (Францыя). Да 1773 выкладаў у «Калегiум нобiлiум» i Рыцарскай школе ў Варшаве. У гэты час стаў вядомы i папулярны як паэт, пiсаў панегiрычныя оды, лiрычныя творы, iдылii, байкi, сатыры. У 1764 прадстаўлены каралю Станiславу Аўгусту Панятоўскаму i хутка стаў яго наблiжанай асобай. Пасля скасавання ордэна езуiтаў (1773) прыходскi святар у Немянчыне каля Вiльнi, потым у Анiкштах. З 1774 каад’ютар (намеснiк) бiскупа смаленскага, з 1775 намiнальны бiскуп эмаўскi, з 1781 пiсар вялiкi ВКЛ i сакратар (да 1786) Пастаяннай Рады. Суправаджаў караля ў паездках па Беларусi i Украiне, якiя апiсаў у кнігах «Дыярыуш падарожжа найяснейшага Станiслава Аўгуста, караля польскага, на Гарадзенскi сойм» (1784), «Дыярыуш падарожжа Станiслава Аўгуста, караля польскага, на Украiну» (1787; 2-е выд. 1788). З 1788 бiскуп смаленскi (з сядзiбай у Пiнску), з 1789 — луцкi. Як сенатар прымаў удзел у працы Чатырохгадовага сойма 1788—92, уваходзiў у «Згуртаванне сяброў урадавай уставы». Адмовiўся ад удзелу ў Гарадзенскiм сойме 1793, якi зацвердзiў 2-i падзел Рэчы Паспалiтай.

З пач. 1770-х г. вывучаў праблемы ўсеагульнай i айчыннай гiсторыi. Удзельнiчаў у стварэннi калектыўнай працы «Палiтычная гiсторыя старажытных дзяржаў» (1772), аўтары якой лiчылi гал. задачай высвятленне прычын развiцця i заняпаду дзяржаў. Перыяд дзейнасцi ў ВКЛ з 1773 стаў для Н. як гiсторыка найб. плённым. Тут ён працягваў пачатую ў Варшаве працу над перакладам i выданнем твораў стараж.-рымскага гiсторыка Тацыта (выдадзены ў 4 т. у 1772—83). У 1773—76 напiсаў сваю першую буйную гiст. працу «Жыццё Яна Караля Хадкевiча, вiленскага ваяводы, вялiкага гетмана Вялiкага княства Лiтоўскага» (1781). Пачаты iм твор пра Л.Сапегу застаўся незакончаным. Па прапанове Станiслава Аўгуста Панятоўскага i з яго дапамогай Н. пачаў выдаваць «Гiсторыю польскага народа». У 1780—86 выйшлi т. 2—7, якiя ахоплiвалi падзеi ад часоў кн. Мешка (канец 10 ст.) да абрання на польск. трон Ягайлы (1386); т. 1, дзе сабраны звесткi пра старажытнейшую гiсторыю Польшчы, выйшаў пасмяротна (ч. 1—2, 1824). Структура гэтай працы традыцыйная, падзеi ў ёй выкладалiся паводле перыядаў панавання князёў i каралёў, аўтарскiя адносiны да iх выкладзены ў заўвагах. Завяршэнню «Гiсторыi...» перашкаджала адсутнасць сiстэматызаваных матэрыялаў. Таму з 1781 Н. пры фiнансавай падтрымцы караля пачаў збiраць гiст. крынiцы, здымаць копii з гiст. дакументаў. Сабраны iм 231 том матэрыялаў, т.зв. «папкi Н.», мае вял. каштоўнасць i для сучаснай навукi (у большасцi зберагаюцца ў Нац. музеi ў Кракаве). На фармiраванне яго поглядаў паўплывалi iдэалогiя Вальтэра, Мантэск’ё i iнш. французскiх асветнiкаў. Гал. рухавiком гiст. працэсу Н. лiчыў чалавечы розум, асветнiцтва. Яго лiчаць заснавальнiкам «школы Н.» ў гiстарыяграфii, якая выступала за манархiчны лад дзяржавы, моцную цэнтр. ўладу i тым самым процiстаяла гiсторыкам рэспубліканска-лiберальнага кiрунку «школы Лялевеля».

Лiтаратура:

Rutkowska M.N. Adam Naruszewicz and His History of the Polish Nation. Washington, 1941;

Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979. С. 91—103;

Grabski A.F. Perspektywy przeszłości. Lublin, 1983;

Królikowska M. Szkoła naruszewiczowska... Warszawa, 1989.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.