Артыкулы: Несялоўскiя

Несялоўскiя, шляхецкi род герба «Кошбак». Паходзiлi з Памор’я, з 17 ст. аселi на Украiне, пасля на Беларусi. Найб. вядомыя:

Казiмiр Iгнат (1676—пасля 1752), гл. Несялоўскі К.І.

Юзаф (1728—8.3.1814), пляменнiк Казiмiра Iгната. Напачатку прыхiльнiк Чартарыйскiх. Пасол на соймы 1756, 1764 (удзельнiчаў у абраннi на трон Станiслава Аўгуста Панятоўскага), 1766. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1762, маршалак Скарбовага трыбунала ВКЛ. Стараста цырынскi ў 1756, прэнскi i прапойскi з 1769, падкаморы новагародскi, чашнiк ВКЛ у 1765, кашталян новагародскi ў 1765—73 i ваявода з 1773. У 1766—75 i 1793—94 уваходзiў у Скарбовую камiсiю ВКЛ, у 1775—76 i 1793 — у Вайсковую камiсiю ВКЛ, у 1788—92 — у Вайсковую камiсiю абодвух народаў (яе старшыня ў час вайны 1792 з Рас. iмперыяй). Чл. Пастаяннай Рады з 1778. Палiт. працiўнiк падскарбiя А.Тызенгаўза. Удзельнiк падрыхтоўкi паўстання 1794. Вiленскiм актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай лiтоўскай рады. Пасля яе роспуску Найвышэйшая нац. рада прызначыла яго старшынёй скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыi Вялiкага княства Лiтоўскага. Арганiзаваў эвакуацыю касы і дакументаў у Гародню i Варшаву. У лiст. 1794 схоплены казакамi, адпушчаны пад нагляд. Кацярына II амнiсцiравала яго i вярнула секвестраваныя маёнткi (Новая Мыш, Варонча i iнш.). У Варончы ў яго служыў аканомам (1807—09) А.Чарноцкi (З.Даленга-Хадакоўскi).

Францiшак Ксаверы (18.12.1771, мяст. Ляхавiчы—15.9.1845), сын Юзафа. У 1785—88 вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вiльнi. З 1788 шэф 6-га рэгiмента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнiчаў у вайне 1792 з Рас. iмперыяй, у бiтвах пад Берасцем i Кабылянамi, узнагароджаны крыжам «Virtuti Militari». Удзельнiк падрыхтоўкi паўстання 1794. Вызначыўся са сваiм палком 7.5.1794 у бiтве пад Палянамi (каля Ашмян), у рэйдзе па Курляндыi ў чэрв.—лiп. 1794. У вер. 1794 па загадзе Т.Ваўжэцкага рушыў з Гародні да Варшавы. Трапiў у палон, адмовiўся прысягаць Кацярыне II i выехаў у Германiю. У 1796 вярнуўся. У 1798 абвiнавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, знаходзiўся ў зняволеннi ў Вiльнi. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнiтэтам Расii. З 1807 у складзе судова-адм. камiсii Вiленскага ун-та. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вiльнi, пазней у званнi генерала брыгады iнспектар пяхоты армii ВКЛ, паспалiтага рушэння. Адступiў з напалеонаўскiмi войскамi за мяжу. У 1814 пасля амнiстыi вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткi (Варончу i iнш.) i з’ехаў у Польшчу. У 1830 абраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснiк губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля падаўлення паўстання на некалькi гадоў дэпартаваны ў Волагду.

Лiтаратура:

Дубейка В. Юзаф Несялоўскі – апошні ваявода наваградскі // Наваградскія чытанні. – Вып. IV. Матэрыялы навуковай канферэнцыі да 950-годдзя г. Навагрудка і 400-годдзя герба горада. Мн.: Бел. выдавецкае Таварыства "Хата", 1996. С. 43—50.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.