Артыкулы: падкаморскi суд
падкаморскi суд, судова-арбiтражны орган у ВКЛ у 16—18 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. Утвораны ў 1565 у кожным павеце, зацверджаны Статутам ВКЛ 1566. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, якi наймаў сабе памочнiкаў — аднаго або двух каморнiкаў, грабароў, пiсара. Судовая справа накiроўвалася ў П.с. земскiм судом або гродскім судом адпаведнага павета. Падкаморы дасылаў позвы бакам з пазначэннем тэрмiну, калi яны павiнны былi з’явiцца на спрэчнай тэрыторыi. Справа разглядалася на месцы. Падкаморы асабiста вывучаў дакументы, аглядаў межавыя знакi, прыводзiў да прысягi i дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымi знакамi. Сваё рашэнне (гранiчны лiст) пад уласным подпiсам i пячаткай перадаваў у земскi або гродскi суд. Апеляцыi на рашэннi П.с. падавалiся ў Трыбунал ВКЛ. Актавыя кнiгi П.с. захоўвалiся ў падкаморага i замацоўвалiся яго пячаткай, пасля яго смерцi перадавалiся ў земскi суд. Iскi бакоў аб праве землеўладання не былi кампетэнцыяй П.с. i разглядалiся земскiм судом, а спрэчкi аб межах памiж землеўладаннямi шляхты i вял. князя — камiсарскiм судом. П.с. скасаваны ва ўсх. Беларусi ў 1772, у цэнтр. i зах. Беларусi — у 1795. Адноўлены ў 1797, канчаткова скасаваны ў 1832.
Лiтаратура:
Лаппо И. Подкоморский суд в Великом княжестве Литовском в конце XVI и начале XVII в. // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1899. № 8.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


