Артыкулы: Падляшскае ваяводства
Падляшскае ваяводства, адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1513—69. Вылучана са складу Троцкага ваяводства 29.8.1513 як Падляшска-Берасцейскае ваяв. (былы ваявода віцебскі І.С.Сапега атрымаў ад вял. кн. Жыгімонта І прывілей «на ваяводства падляшскае, берасцейскае і інш.», называўся таксама ваяводам наднарвенскім). П.в. ахоплівала Падляшша (Дарагічынскі, Мельніцкі і Бельскі пав.) і Берасцейскую зямлю (Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав.). Пасля смерці Сапегі (1517) гэтыя тэрыторыі, відаць, зноў падначалены троцкаму ваяводу да прызначэння ў 1520 новага падляшскага ваяводы. У выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав. вылучаны са складу П.в. і разам з землямі былога Турава-Пінскага княства ўвайшлі ў Берасцейскае ваяводства. Пасля гэтага П.в. падзялялася на Дарагічынскі, Мельніцкі і Бельскі (цэнтр — г. Бранск) паветы. Цэнтр ваяводства — г. Дарагічын. У выніку Люблінскай уніі 1569 П.в. адышло да Польскага каралеўства.
Ваяводы падляшскія (да 1569): І.С.Сапега (1513—17), Я.Косцевіч (1520—27), І.Б.Сапега (1529—41), М.Ю.Пац (1543—45), М.В.Нарбут (1551—55), П.І.Сапега (1556—58), В.Тышкевіч (1558—69).
Кашталян падляшскі: Р.І.Трызна (1566—69).
Лiтаратура:
Źródła dziejowe. T. 17, cz. 1—3. Polska XVI wieku pod względem geograficznym i statystycznym. T. 6. Podlasie (województwo) / Wyd. A.Jabłonowski. Warszawa, 1908—10;
Alexandrowicz S. Powstanie i rozwój miast województwa podlaskiego (XV—I poł. XVII w.) // Acta Baltico-Slavica. Białystok, 1964. T. 1;
Studia nad społeczeństwem i gospodarką Podlasia w XVI—XVIII w. Warszawa, 1981;
Tyszkiewicz J. Podlasie: kształtowanie się nazwy i terytorium do końca XIX stulecia // Prace archeologiczno-konserwatorskie na terenie województwa siedleckiego. Siedlce, 1982. Z. 3;
Jarmolik W. Powstanie województwa podlaskiego // Białostocczyzna. 1989. № 4;
Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku: Spisy. T. 8. Urzędnicy podlascy XIV—XVIII wieku: Spisy. Kórnik, 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне