Артыкулы: Пажайскі кляштар камедулаў

Пажайскі кляштар камедулаў. Заснаваны канцлерам ВКЛ К.З.Пацам (гл. ў арт. Пацы) у в. Пажайсце (Пажаі) каля Коўна. У 1662 і 1667 фундацыю зацвердзіў сойм. У 1662—67 пабудаваны некаторыя драўляныя будынкі. З 1667 ішло будаўніцтва мураванага касцёла і кляштарных карпусоў паводле праекта італьянскага архітэктара Л.Фрэдра. У будоўлі ўдзельнічалі архітэктары К. і П. Пуціні, С.Мядэкша, П.Перці, Я.Заар. Будаўніцтва касцёла скончана каля 1696, рэканструяваны пасля 1755 і ў 1790—93 (архітэктар П. дэ Расі). У 18 ст. пабудавана вежа. Кляштар рэканструяваны і пашыраны ў 1718—55. У 1831 зачынены, пасля там уладкаваны правасл. манастыр (дзейнічаў да 1915). Касцёл у 1832—47 перароблены ў правасл. Успенскі сабор. З 1967 тут працаваў філіял Мастацкага музея імя М.К.Чурлёніса. Вядзецца рэканструкцыя будынкаў.

Кляштарны комплекс — адзін з буйнейшых у ВКЛ, складаўся з касцёла, жылых карпусоў, будынка фарэсторыя, вял. двара з 2 аднапавярховымі афіцынамі, 13 домікаў для манахаў, 3-яруснай вежы і інш. Касцёл мае план выцягнутага крыжа. У цэнтры 6-вугольны зал з 4 капліцамі, да якога далучаецца круглы прэсбітэрый і сакрысція. Увенчаны 6-гранным купалам (вышыня 53 м). Гал. фасад фланкіраваны 2 вежамі, на якіх знаходзяцца званы і гадзіннік. Фасады касцёла ўпрыгожаны рэльефамі, карнізамі, пілястрамі, балюстрадай. Усх. фасад мае 2-ярусную аркадную галерэю, трохвугольны франтон. Інтэр’ер касцёла ў 1674—84 ўпрыгожаны фрэскамі (мастакі М.Палоні, Ф. дэла Крочэ), аздоблены разнымі дубовымі панелямі, лепкай у тэхніцы стука (мастакі М.Вольшэйд, Дж.Мерль аднапавярховыя), шырока выкарыстаны чорны, белы і чырвоны мармур.

Кляштарныя карпусы 1- і 2-павярховыя, маюць цыліндрычныя і крыжовыя скляпенні, драўляныя столі. Будынак фарэсторыя з 2 аднапавярховымі флігелямі (у паўд. частцы раскошная зала фундатараў кляштара), у цэнтры знаходзіцца 2-ярусная брама са званіцай; некаторыя памяшканні перакрыты ветразевымі скляпеннямі, упрыгожаны фрэскамі. Іл. гл. таксама ў т. 1, с. 141.

Лiтаратура:

Kairiūkštytė-Jacinienė H. Pažaislio vienuolynas ir jo meninės vertenybės. Kaunas, 1930;

Kairiūkštytė-Jacinienė H., Baršauskas J. Pažaislis. Vilnius, 1960;

Meškauskas S. Pažaislis. Vilnius, 1983;

Яго ж. Klasztor kamedułów w Pożajściu // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 1992. T. 5;

Paknys M. Nowe żródła o artystach w Pożajściu za czasów mecenatu K.Z.Paca // Sztuka kresów wschodnich. Kraków, 1997. T. 3;

Šinkūnaitė L. Program ikonograficzny zespołu klasztoru Kamedułów w Pożajściu // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.