Артыкулы: Палубiнскiя

Палубiнскiя (Палубенскiя), княжацкi род уласнага герба ў ВКЛ. Паходжанне не высветлена, уласны радавод выводзiў iх ад вял. кн. Альгерда. Прозвiшча ад с. Палубнiкi каля Лiды або ад с. Палюбiчы (Палубiца) у Берасцейскiм ваяв. У 15 ст. вядомы кн. Фёдар i Андрэй П. Апошнi быў на службе ў вял. кн. Казiмiра IV, атрымлiваў ад яго грошы з корчмаў у Дарагiчыне, Берасці, Камянцы i iнш., камор у Берасці i Луцку, валодаў маёнткамi на Берасцейшчыне. Ад яго сыноў Васiля i Iвана пайшлi галiны роду. Найб. вядомыя:

Васiль Андрэевiч (?—4.3.1551), дваранiн вял. кн. Аляксандра, у 1501 быў адным з гарантаў Мельнiцкай унii з Польшчай. У 1505—07 намеснiк ва Уладзiмiры-Валынскiм. У 1509—11 зняволены па абвiнавачваннi ва ўдзеле ў Глiнскiх мяцяжы 1508. Дзяржаўца любашанскi i цяцерынскi ў 1515—16, жалудоцкi ў 1516—35, каняўскi i дубiцкi ў 1527—29, стараста мсцiслаўскi i радамльскi з 1535, маршалак гаспадарскi з 1521 або 1522. У 1535 кiраваў абаронай Мсцiслава ад маскоўскага войска. У 1503 атрымаў ад вял. князя Палюбiчы, валодаў таксама Гарадзiшчам, Ябланню, Глыбокiм, Круглым, Мажэйкавам i iнш.

Iван Андрэевiч (?—1556), дваранiн гаспадарскi, маршалак гаспадарскi з 1540. У 1549—51 спраўца (адмiнiстратар) Новагародскага ваяв.

Аляксандр Iванавiч (?—1607 або 1608), сын Iвана Андрэевiча. Кiраваў ад iмя бацькi Новагародскiм ваяв. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 ваяваў у Iнфлянтах, трымаў там Вольмарскае стараства. У 1577 трапiў у палон, але быў адпушчаны царом Iванам IV Грозным. Кашталян новагародскi з 1586. У 1596 прымаў удзел у Берасцейскiм саборы, працiўнiк царк. унii. Валодаў Дзярэчынам у Слонiмскiм пав. i iнш.

Канстанцiн Аляксандравiч (?—1640), унук Аляксандра Iванавiча. Вучыўся ў езуiцкiм калегiуме ў Браневе, Вiленскай акадэмii. Удзельнiчаў у войнах са Швецыяй 1600—29 i Расiяй 1609—18. Слонiмскi пiсар земскi ў 1616—21 i маршалак у 1621—27, кашталян мсцiслаўскi ў 1627—33, ваявода парнаўскi з 1633, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1627. З праваслаўя перайшоў у каталiцтва, у 1618 фундаваў Дзярэчынскi дамiнiканскi кляштар. Валодаў Дзярэчынам, Глускам, Глыбокiм i iнш.

Аляксандр Гiляры (6.8.1627—3.11.1679), сын Канстанцiна Аляксандравiча. Вучыўся ў Вiленскай i Замойскай акадэмiях, у Кракаве, Галандыi, Францыi. З 1646 неаднаразова выбiраўся паслом на соймы. Падкаморы слонiмскi ў 1650—54, падстолi ВКЛ у 1654, пiсар польны ВКЛ у 1654—68, стараста генеральны жамойцкi ў 1669—70, маршалак вялiкi ВКЛ з 1669. Вызначыўся ў вайне супраць укр. казакоў, пад камандаваннем Я.Радзiвiла ўдзельнiчаў ва ўзяццi Мазыра ў лют. 1649, у Лоеўскай бiтве 1649, бiтве пад Белай Царквой 23.9.1651. На чале кавалерыйскiх харугваў браў удзел у асн. ваенных дзеяннях у час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67: у бiтвах пад Шкловам 12.8.1654 i Шапялевiчамi 24.8.1654, аблозе Магiлёва ў пач. 1655; у баях супраць шведаў ў Польшчы, у вызваленнi Менска ў лiст. 1658 i iнш. У 1659—60 ваяваў у Iнфлянтах. У складзе дывiзii П.Я.Сапегi ўдзельнiчаў Палонкаўскай бiтве 1660, аблозе Барысава, вызваленнi Шклова i Оршы, бiтве на р. Бася з войскам Ю.А.Далгарукага, Кушлiцкай бiтве 1661. Валодаў Дзярэчынам, Глускам, Рудобелкай, Дзятлавам, Горамi Вялiкiмi, Горкамi. З 1655 адмiнiстратар Берасцейскай эканомii, быў старастам бабруйскiм, ваўкавыскiм, слонiмскiм. У 1662 фундаваў Глускi бернардзiнскi кляштар. Пасля адрачэння ад трона Яна II Казiмiра ў 1668 i смерцi Мiхала Вiшнявецкага ў 1673 выступаў за абранне на трон Рэчы Паспалiтай цара Аляксея Мiхайлавiча.

Дзмiтрый Самуэль (?—8.8.1687), сын Мiхала. Слонiмскi падчашы ў 1640—59, харужы ў 1659—60, маршалак у 1660—70, ваявода новагародскi з 1670. Пасол на соймы 1632, 1667, 1679, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1655. Удзельнiчаў у вайне Расiі з Рэччу Паспалiтай 1654—67.

Аляксандр Райнальд (?—1687?), сын Iвана (Януша) Дзмiтрыевiча. У 1655 пачаў службу ў войску пад камандаваннем А.Г.Палубiнскага, удзельнiчаў у буйнейшых бiтвах вайны з Расiяй 1654—67, з 1663 паручнiк казацкай харугвы. Падстолi слонiмскi ў 1667, падсудак у 1668, харужы з 1670. Пасол на соймы 1668, 1674.

Леан Казiмiр (?—1726), сын Дзмiтрыя Самуэля. Вучыўся ў езуiцкiм калегiуме ў Браневе. З 1670-х г. у войску. Належаў да антысапегаўскага лагера. У 1669—1703 неаднаразова выбiраўся паслом на соймы. Цiвун i дзяржаўца цверскi з 1689, стараста лiкавянскi.

Ежы Антонi (1735—7.8.1801), сын Яна. Святар з 1760, канонiк вiленскi з 1761, пасля архiдыякан, сакратар вялiкi духоўны ВКЛ у 1782—93. Падтрымаў паўстанне 1794, быў абраны старшынёй Генеральнай адмiнiстрацыi духоўнага ўрада Вiленскай дыяцэзii.

Лiтаратура:

Іванова Л.С. Вялікі маршалак ВКЛ Аляксандр Гіляры Палубінскі – уладальнік зямель на Кругляншчыне ў XVII ст. // Гісторыя і сучаснасць Кругляншчыны: Матэрыялы Чарняеўскіх чытанняў, прысвечаных 170-годдзю з дня нараджэння генерала Міхаіла Рыгоравіча Чарняева. 13 студзеня 1999 г., г.п. Круглае. Мінск, 1999. С. 34—38.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.