Артыкулы: Патоцкiя

Патоцкiя, шляхецкi род герба «Пiлава». Прозвiшча ад в. Потак у Ксёнжскiм пав. Кракаўскага ваяв. У 15—16 ст. П. займалi службовыя пасады пры дварах феадалаў i ў войску, а на мяжы 16—17 ст. дасягнулi сенатарскай годнасцi. У 17—18 ст. займалi вышэйшы дзярж. i вайсковыя пасады ў Кароне Польскай. Мелi вялiзныя зямельныя ўладаннi на Украiне i ў Польшчы. Карысталiся графскiм тытулам, якi ў 18 ст. прызнаны ў Аўстрыi i ў 19 ст. ў Расii. З Беларуссю найб. былi звязаны:

Крыштоф (каля 1600—вер. або кастр. 1675), сын Андрэя, кашталяна крамянецкага. Праз шлюб з Аленай з Валовiчаў набыў мяст. Сiдра ў Гарадзенскiм пав., мяст. Галоўчын, Новы Быхаў, с. Тайманаў у Аршанскiм пав.; меў в. Здзiтавец у Берасцейскiм ваяв. У другiм шлюбе жанаты з Альжбетай з Дунiн-Раецкiх (удава А.Халецкага i Г.М.Трызны). Займаў дзярж. пасады ў ВКЛ: чашнiк у 1645—46, падстолi ў 1646—53, стольнiк у 1653—58, крайчы ў 1658—61, падчашы з 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1662 i 1673; Выбiраўся паслом на соймы. Удзельнiчаў у вайне з укр. казакамi, у Лоеўскай бiтве 1651, узяццi Любеча i Кiева ў 1651, у вайне Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 (кампанii 1654—55). Быў звязаны з Б. i Я. Радзiвiламi, але не падпiсаў Кейданскую унію 1655. Вызнаваў кальвiнiзм.

Мiхал (?—1711?), генерал-маёр, падстолi ВКЛ з 1700.

Станiслаў Уладзiслаў (?—27.6.1732), сын Фелiкса Казiмiра. Лоўчы ВКЛ у 1704—10, вял. стражнiк ВКЛ у 1710—29, ваявода белзскi з 1729. Неаднаразова быў паслом на соймы.

Антонi Мiхал (студз. 1702—11.4.1766), сын Аляксандра Яна, ваяводы смаленскага. Падстолi ВКЛ у 1728—32, пасля ваявода белзскi. Валодаў мяст. Галоўчын, Горы-Горкi ў Аршанскiм пав., Краснаполле ў Мазырскiм пав., праз шлюб з Марыяй Людвiкай з Сапегаў набыў мяст. Зэльва ў Ваўкавыскiм пав., с. Чарлёна ў Гарадзенскiм пав. i iнш.

Яўстахi (каля 1720—25.2.1768), сын Ежы, старасты грабавецкага i тлумацкага. Генерал-маёр кароннага войска (1752), чашнiк каронны ў 1754—59, генерал артылерыi ВКЛ з 1759, адначасова ў 1762—67 стараста львоўскi.

Iахiм Кароль (?—май 1791), сын Яна, кашталяна брацлаўскага. Генерал-маёр кароннага войска (1758), стараста церабоўскi, падчашы ВКЛ у 1763—80. Адным з першых магнатаў далучыўся да Барскай канфедэрацыi i ў 1768 стаў маршалкам Брацлаўскага ваяв. Праз шлюб з Тарэзай з Сапегаў набыў Трасцянiцкi ключ (12 вёсак) у Берасцейскiм пав., Тураўскi ключ (мяст. Тураў i 10 вёсак) у Пiнскiм пав., маёнтак Рось (22 вёскi i фальваркi) у Ваўкавыскiм пав. i iнш.

Iгнацы (Раман Iгнацы Францiшак; 28.2.1750, Радзынь, Люблiнскае ваяв.—20.8.1809), сын Яўстахiя. Выдатны палiт. дзеяч Рэчы Паспалiтай, асветнiк. Вучыўся ў «Калегiум нобiлiум» у Варшаве (1758—65) i ў «Калегiум назарэнум» у Рыме (да 1770). З 1770-х г. прыблiжаны караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага. Пiсар вялiкi ВКЛ у 1773—83, маршалак надворны ВКЛ у 1783—91, маршалак вялiкi ВКЛ у 1791—92, маршалак Пастаяннай Рады ў 1778—80. З часу ўтварэння ў 1773 Адукацыйнай камiсii адзiн з гал. яе дзеячаў, узначалiў Таварыства элементарных кнiг. Быў адным з лiдэраў рэфарматарскай пыртыi на Чатырохгадовым сойме 1788—92, адзiн з аўтараў Канстытуцыi 3 мая 1791. За ўдзел у працы дэпутацыi па выпрацоўцы канстытуцыi прызначаны мiнiстрам палiцыi абодвух народаў у Стражы Правоў, з-за чаго выйшаў са складу Адукацыйнай камiсii. У час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1792 выконваў абавязкi адсутнага ваен. мiнiстра. У 1792—94 у эмiграцыi ў Саксонii. Адзiн з арганiзатараў паўстання 1794. Увайшоў у склад Найвышэйшай нацыянальнай рады як кiраўнiк аддзела замежных iнтарэсаў. Належаў да памяркоўнага крыла паўстанцаў. Пасля падаўлення паўстання зняволены ў Пецярбургу. З 1796 жыў у Аўстрыi.

Станiслаў Шчэнсны (Фелiкс; 1752?, Крыстынопаль, Валынскае ваяв.—14 або 15.3.1805), сын Францiшка Салезыя, ваяводы кiеўскага. Харужы вялiкi каронны ў 1774—80, ваявода рускi ў 1782—88, генерал кароннай артылерыi ў 1788—92, чл. Пастаяннай Рады ў 1782—86, чл. Адукацыйнай камiсii ў 1782—93, генерал-лейтэнант (1784). На Чатырохгадовым сойме 1788—92 выступаў супраць палiтыкi прагрэсiўных рэформ, адзiн з гал. працiўнiкаў Канстытуцыi 3 мая 1791. Прапаноўваў пераўтварыць Рэч Паспалiтую ў федэратыўную рэспублiку з 3 частак (Польшча, укр. землi, ВКЛ) на чале з магнатамi. Разам з iнш. працiўнiкамi рэформ у Рэчы Паспалiтай падпiсаў 27.4.1792 у Пецярбургу акт утварэння Таргавiцкай канфедэрацыi i стаў яе генеральным маршалкам. Пасля вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1792 у Берасці, потым у Гародні, ажыццяўляў вярхоўную ўладу ў Рэчы Паспалiтай. У пач. 1793 пераехаў у Пецярбург, з-за хваробы пакiнуў пасаду маршалка канфедэрацыi i выехаў за мяжу. У час паўстання 1794 завочна прыгавораны да смяротнага пакарання як здраднiк. У 1795 атрымаў чын рас. генерал-аншэфа, жыў у сваiх укр. маёнтках.

Лiтаратура:

Michalik B. Działalność oświatowa Ignacego Potockiego. Wrocław etc., 1979;

Janeczek Z. Ignacy Potocki Marszałek Wielki Litewski (1750—1809). Katowice, 1992;

Miller M. Arystokracja. Warszawa, [1993];

Lojek J. Dzieje zdrajcy — Szczęsny Potocki. Warszawa, 1995.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.