Артыкулы: Астрожскія

Астрожскія, княжацкі род уласнага герба. Паходжанне не высветлена. Гісторыкі выводзяць іх ад турава-пінскіх або галіцка-валынскіх Рурыкавічаў, Гедзімінавічаў. Першы вядомы з роду А. — кн. Даніла, уладальнік г. Астрог на Валыні ў сярэдзіне 14 ст. (адсюль прозвішча). У 15—16 ст. шляхам велікакняжацкіх падараванняў і заключэння выгадных шлюбаў сабралі вялізныя зямельныя ўладанні на Украіне (каля паловы Валынскага ваяв. і інш.), мелі маёнткі ў Беларусі, Літве і Польшчы. Галіна А. — князі Заслаўскія, да якіх пасля згасання ў 17 ст. роду А. перайшлі іх асн. маёнткі. Найб. вядомыя:

Даніла (?—пасля 1340). У 1340, калі польскі кароль Казімір ІІІ намагаўся захапіць Галіччыну, узначаліў разам з ваяводам Дзедкам рух супраціўлення, паклікаўшы на дапамогу татараў.

Фёдар Данілавіч (?—да 1410), сын Данілы. Атрымаў пасля бацькі Астрог і ваколічныя населеныя пункты. Прыхільнік Ягайлы. У 1386 або 1387, пасля таго як кн. Фёдар Любартавіч быў пазбаўлены Луцка, атрымаў ад Ягайлы пасаду луцкага старасты і прысягнуў яму на вернасць. У 1386 Ягайла і Вітаўт пацвердзілі Фёдару правы на Астрог, Корац, Заслаў, Хлапоцін і інш. У 1390 удзельнічаў у абароне Вільні ад войск Вітаўта і крыжакоў. Заснаваў Астрожскі кляштар дамініканцаў, перадаўшы яму царкву Багародзіцы. Перад смерцю прыняў манаства з імем Феадосій, пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. У 17 ст. кананізаваны кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілам.

Фёдар (Фрыдрых; ?—пасля 1438), сын Фёдара Данілавіча. У 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Жыгімонта Карыбутавіча на дапамогу чэшскім гусітам. Асеў у Чэхіі і прыняў гусізм, удзельнічаў у шматлікіх бітвах.

Васіль Фёдаравіч (да 1410—да 20.8.1450), сын Фёдара Данілавіча. З 1428 быў жанаты з Ганнай (Агаф’яй), роднай Вітаўта, таму карыстаўся падтрымкай вял. князя. У 1442 па просьбе вял. кн. Казіміра перадаў яму г. Корац. Ад Казіміра атрымаў вёскі ў Луцкай зямлі, Асташын каля Новагародка (1446). З 1448 намеснік тураўскі. Меў сыноў Івана (?—пасля 1465) і Юрыя — заснавальніка роду Заслаўскіх.

Іван Васілевіч (?—пасля 1466), сын Васіля Фёдаравіча. Верагодна, у 1453 удзельнічаў у разгроме татараў каля Церабоўля. Быў у шлюбе з дачкой кн. І.У.Бельскага, меў сыноў Міхаіла, Канстанціна і дачку Марыю (жонка кн. А.А.Сангушкі).

Міхаіл Іванавіч (?—1501), сын Івана Васілевіча. Стараста луцкі і маршалак Валынскай зямлі з 1500. Відаць, удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94. У 1497 разбіў татараў каля Палонны на Валыні.

Канстанцін Іванавіч (каля 1460—1530), сын Івана Васілевіча. Гл. Астрожскі К.І.

Ілья Канстанцінавіч (канец 1510—19.8.1539), сын Канстанціна Іванавіча. Стараста брацлаўскі і вінніцкі з 1530. Уладальнік Астрога і інш. маёнткаў (у т.л. Здзецел) пасля смерці бацькі. У 1530, 1531 і 1533 адбіваў татарскія напады на Валынь. У 1534—36 з уласным атрадам удзельнічаў у вайне Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1534—37. Пасол у Маскву ў 1537. У 1539 ажаніўся з Беатай, дачкой кароннага падскарбія і вайніцкага кашталяна А.Касцялецкага, да якой пасля смерці Ільі перайшоў Астрог.

Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч (каля 1524—1608), сын Канстанціна Іванавіча. Гл. Астрожскі К.(В.)І.

Януш Канстанцінавіч (каля 1554—12 або 13.9.1620), сын Канстанціна (Васіля) Канстанцінавіча. Ваявода валынскі ў 1584—93, кашталян кракаўскі з 1593; стараста багуслаўскі з 1591, белацаркоўскі з 1592, чаркаскі і канеўскі з 1594, пераяслаўскі з 1604 (уведзены ў трыманне ў 1618). Валодаў г. Дубна, які бараніў ад татараў у 1577, і інш. маёнткамі на Украіне, г. Тарнаў у Польшчы і інш. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 удзельнічаў у паходзе 1579 на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі. У сярэдзіне 1570-х г. перайшоў у каталіцтва. Выступаў супраць падтрымкі Лжэдзмітрыя І і вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Апошні з роду А. па мужчынскай лініі.

Канстанцін Канстанцінавіч (каля 1560—да 10.5.1588), сын Канстанціна (Васіля) Канстанцінавіча. Крайчы ВКЛ у 1580—88, падчашы ў 1588; стараста ўладзімірскі з 1580, пасол на элекцыйны сойм 1587. У 1583 перайшоў у каталіцтва.

Аляксандр Канстанцінавіч (1570, в. Вявёрка каля Тарнава, Польшча — 12.12.1603), сын Канстанціна (Васіля) Канстанцінавіча. Ваявода валынскі з 1593, стараста пераяслаўскі з 1594. Разам з бацькам супрацьдзейнічаў правядзенню царк. уніі, удзельнічаў у правасл. саборы 1596 у Берасці, саборы праваслаўных і пратэстантаў 1599 у Вільні. Валодаў гарадамі Ратна (прыкладана з 1590), Дарагабуж, Сураж, Звягель, паловай г. Астрог (усе з 1603). Быў жанаты з каталічкай Ганнай Косткай, уладальніцай г. Яраслаў у Рускім ваяв., дзе збудаваў палац.

Ганна Алаіза (25.3.1600—27.1.1654), дачка Аляксандра Канстанцінавіча. Жонка гетмана Я.К.Хадкевіча з 1620, удава з 1621. Пад уплывам езуітаў насаджала ў сваіх уладаннях каталіцтва, заснавала езуіцкі калегіум у Яраславе, адабрала цэрквы ў праваслаўных у Тураве. Апошняя з роду А.

Літаратура:

Genealogia domu Ostrogskich. Wilno, 1871;

Левицкий О. Анна-Алоиза, княжна Острожская // Киевская старина. 1883. № 11;

Власьев Г.А. Князья Острожские и Друцкие // Известия Русского генеалогического общества. СПб., 1911. Вып. 4;

Быков Н.П. Князья Острожсие и Волынь. Пг., 1915;

Lewicki K. Ks. Ostrogscy na służbie Rzeczypospolitej // Rocznik Wołyński. 1938. T. 7;

Кулаковський П. Князь Януш Острозький і поунійна релігійна боротьба // Осягнення історії. Острог; Нью-Йорк, 1999;

Соболев Л.В. Генеалогическая легенда рода князей Острожских // Славяноведение. 2001. № 2.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.