Артыкулы: Пінск

Пінск (цяпер горад, цэнтр Пінскага р-на, Рэспубліка Беларусь), горад, цэнтр Пінскага княства, пасля Пінскага павета; у сутоках р. Піна і Прыпяць. Упершыню ўпамінаецца ў «Летапісцы Пераяслава-Суздальскага» пры апісанні падзей канца 10 ст., у «Аповесці мінулых гадоў» — пад 1097. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. З 13 ст. цэнтр Пінска-Тураўскай праваслаўнай епархіі (з 1596 Пінская грэка-каталіцкая епархія). З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ. У пач. 1527 да сцен П. падышлі крымскія татары, але горад ім узяць не ўдалося. З 1539 цэнтр Пінскага стараства, з 1566 цэнтр Пінскагапав. Берасцейскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. меў 27 вуліц, 800 двароў і 3—4 тыс. ж., магутную сістэму ўмацаванняў (гл. Пінскія гарадскія ўмацаванні).12.1.1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырвоным полі залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой. Магдэбургскае права пацвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у кастр. 1648 паўстаўшае насельніцтва П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску стражніка Р.Мірскага (гл. Пінска абарона 1648). У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс. ж., у т.л. 280 купцоў. Праз горад праходзіў гандлёвы шлях з Прыбалтыкі на Пд. Праз Піну, Мухавец і Зах. Буг П. быў звязаны з гарадамі Польшчы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 5.10.1655 да П. прыплыў атрад рас. ваяводы Д.А.Валконскага, які захапіў горад, але праз 2 дні адступіў, а горад і навакольныя слабоды спаліў. У 1660—64 П. неаднаразова асаджалі ўкр. і рас. атрады, якія 25.6.1660 узялі яго штурмам. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла ХІІ захапілі і разрабавалі горад. Архітэктурнае аблічча П. складвалася з 16 ст.; у гэты час існавалі Троіцкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 правасл. манастыры (Пінскі Лешчанскі манастыр, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 каталіцкія кляштары (Пінскі кляштар францысканцаў і Пінскі кляштар дамініканцаў). У 17—18 ст. сфарміраваўся архітэктурны цэнтр горада; пабудаваны мураваныя езуіцкі касцёл і калегіум (гл. Пінскі езуіцкі калегіум), дамініканскі і кармеліцкі кляштары, ратуша, Пінскі палац М.Бутрымовіча, Пінскі кляштар бернардзінцаў, у прадмесці Каралін — Каралінскі замак, Пінскі касцёл Карла Барамея. У 1-й пал. 18 ст. працавала Пінская друкарня. У 1791 тут зроблена спроба ўтварыць самастойную правасл. царкву ў Рэчы Паспалітай (гл. Пінская кангрэгацыя 1791). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Грушевский А.С. Пинское Полесье XІV—XVІ вв.: Ист. очерки. Туров, Городок и Пинск в составе В.К.Литовского. Пинское староство к. Боны, XІV—XVІ вв. Киев, 1903;

Миролюбов Б.В. Пинск. Мн., 1977;

Лозицкий А.И. Пинск XVІ столетия. Мн., 1994;

Пинск: Путеводитель по столице Полесья. Пинск, 1993;

Чантурия Ю. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVІ—первой половины XІX в.: Средневековое наследие, Ренессанс, барокко, классицизм. Мн., 2005.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.