Артыкулы: пісцовыя кнігі

пісцовыя кнігі, зводныя дакументы сістэматычных гаспадарчых апісанняў у Расіі ў 15—17 ст. Найб. раннія з П.к., што захаваліся, — наўгародскія канца 15 ст.; апошняе апісанне распачата ў 1684—85 (не скончана). П.к. служылі падставай для падатковага зямельнага абкладання — сошнага пісьма. Паступова яны рабіліся сродкам умацавання феад. землеўладання і запрыгоньвання сялян. П.к., пачатыя ў 1581 і скончаныя ў 1592—93, атрымалі значэнне асн. дакумента, што вызначаў прыналежнасць сялян пэўнаму ўласніку. П.к. складалі спец. камісіі з пісцоў і пад’ячых, якіх урад дасылаў з Масквы на месцы. Іх складанне вялося па населеных пунктах: горад (яго ўмацаванні, цэрквы, крамы, двары, насельніцтва і г.д.), павет, стан, воласць; асобна апісваліся кожнае сяло і вёска, ворная зямля, сенажаці, лясы.

На Беларусі П.к. складаліся ў 1560—70-я г. на тэр. Полацкага ваяв., захопленага рас. войскам у час Інфлянцкай вайны 1558—82. У складзе Метрыкі ВКЛ захаваліся «Татрадь, в ней писаны рубежи городу Полотцку и Полотцкому повету...» (1563—71), П.к. валасцей Няшчэрда (1570, 1571—72, 1573), Азярышчы і Усвяты (1567, 1570, 1571, 1573), Пакроўскай вол. (1570, 1571), Полацкага пав. (1570, 1571). У «Татраде» падрабязна апісаны межы Полацкага пав., які цар Іван ІV імкнуўся ў ходзе перагавораў з ВКЛ пакінуць у складзе Маскоўскай дзяржавы, адзначаны сёлы і вёскі з пазначэннем іх уласнікаў, цэрквы, пакінутыя вёскі. У астатніх П.к. пералічаны новыя рас. ўласнікі зямель на Полаччыне, іх вёскі з пазначэннем колькасці двароў, ворнай зямлі, сенажацяў, лясоў, рыбных угоддзяў, а таксама пусткі; у некаторых выпадках названы павіннасці мясцовага насельніцтва. Усяго зроблена апісанне 11 валасцей павета, названа каля 1500 населеных пунктаў і пустак. Найб. змястоўныя з гэтых П.к. надрукаваны Рус. геаграфічным таварыствам у выданні «Пісцовыя кнігі Маскоўскай дзяржавы» («Писцовые книги Московского государства», ч. 1, аддзяленне 2; 1877). «Перапісныя» кнігі (з пайменным пералічэннем мужчынскага насельніцтва) складаліся рас. урадам у 1650—60-я г. на тэр. Беларусі, занятай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67; не апублікаваны. У 1870—80-я г. пад штучнай назвай «П.к.» Віленская археагр. камісія выдавала дакументацыю валочнай памеры на Беларусі 16 ст.

Літаратура:

Оглоблин Н. Объяснительная записка к карте Полоцкого повета во 2-й половине ХVІ-го в. // Сб. Археол. ин-та. СПб., 1880. Кн. 3—4;

Веселовский С.Б. Сошное письмо. Т. 1—2. М., 1915—16;

Мерзон А.Ц. Писцовые и переписные книги XV—XVІІ вв. М., 1956;

Карпачев А.М. Русские переписные книги как источник для демографического изучения городов Белоруссии второй половины XVІІ в. // Вопросы архивоведения и источниковедения в БССР. Мн., 1971;

Дзярновіч А. Прызабытая публікацыя матэрыялаў Метрыкі ВКЛ // METRІCІANA. Мн., 2001. Т. 1.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.