Артыкулы: «Помнікі гісторыі Усходняй Еўропы: Крыніцы XV—XVII стст.»

«Помнікі гісторыі Усходняй Еўропы: Крыніцы XV—XVII стст.» («Памятники истории Восточной Европы: Источники XV—XVII вв.»,«Monumenta historica res gestasEuropae Orientalis illustrantia: XV—XVII saec.»), серыйная публікацыя гістарычных дакументаў, што асвятляюць гісторыю Цэнтр. і Усх. Еўропы ў новы час, асабліва польска-рас. адносіны 16—17 ст. Заснавальнік — Гіст. ін-т Варшаўскага ун-та, рэдактар серыі І.Граля. У праекце таксама ўдзельнічаюць Рас. дзярж. архіў стараж. актаў, выдавецтвы «Археографический центр», «Древлехранилище» (Масква), Рас. нац. б-ка і інш. У т. 1 «Кніга сеунчаў 1613—1619 гг. Дакументы Разраднага прыказа пра паход Лісоўскага (восень—зіма 1615 г.)» (Масква; Варшава, 1995), падрыхтаваным А.А.Станіслаўскім, С.П.Мардовінай і Б.М.Флорам, змешчаны 2 комплексы дакументаў, якія адносяцца да часоў вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У т. 2 «Выпіска з пасольскіх кніг» пра адносіны Расійскай дзяржавы з Польска-Літоўскай за 1487—1572 гг.» (Масква; Варшава, 1997) апублікавана падрыхтаваная Б.М.Марозавым архіўная даведка 16 ст. пра ранейшыя адносіны Расіі з Польшчай і ВКЛ. У т. 3 «Дакументы Лівонскай вайны (сапраўднае справаводства прыказаў і ваявод) 1571—1580 гг.» (Масква; Варшава, 1998), складзеным Граляй, М.Ф.Дзямідавым, Флорам і Ю.М.Эскіным, змешчаны аўтэнтычныя рас. дакументы заключнага этапу Інфлянцкай вайны 1558—82. У т. 4 «Крыжапрыводная кніга шляхты Вялікага княства Літоўскага 1655 г.» (Масква; Варшава, 1999) апублікаваны падрыхтаваныя А.Я.Лыкавай і М.Кулецкім спісы літ. і бел. шляхты, якая ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 прысягнула ў 1655 на занятых тэрыторыях цару Аляксею Міхайлавічу. У т. 5 «Руская (Валынская) метрыка: Кніга за 1652—1673 гг.» (Астрог; Варшава; Масква, 1999) змешчана падрыхтаваная П.Кулакоўскім адна з кніг Рускай (Валынскай) метрыкі. У т. 6 «Радзівілаўскія акты са збору Расійскай нацыянальнай бібліятэкі: Першая палова XVI ст.» (Масква; Варшава, 2002), складзеным М.М.Кромам, надрукавана 97 дакументаў 1513—40, што паходзяць з архіваў Радзівілаў і асвятляюць унутранае становішча ВКЛ і важныя падзеі міжнар. жыцця, у асноўным вайну Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1534—37. У т. 7 «Пасольская кніга па сувязях Расіі з Польшчай (1575—1576 гг.)» (Масква; Варшава, 2004), падрыхтаваным Л.В.Собалевым, апублікавана рас. пасольская кніга часоў Інфлянцкай вайны. Тамы серыі забяспечаны грунтоўнымі прадмовамі, каментарыямі, імяннымі і геаграфічнымі паказальнікамі.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.