Артыкулы: Пузыны

Пузыны, княжацкi род герба «Брама» («Агiнец»). Вядуць радавод ад Рурыкавiчаў, з 16 ст. выводзiлi сябе ад чарнiгаўскiх князёў, уладальнiкаў г. Казельск каля Калугi, аднак дакументальна гэта не пацверджана. Родапачынальнiк Васiль Глушонак выслужыў у вял. кн. Казiмiра землi на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Iвана III. Яго нашчадкi засталiся ў ВКЛ. Найб. вядомыя:

Алехна Васiлевiч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскiм правiцелем Iржы Падэбрадам. Атрымаў ад вял. князёў Казiмiра i Аляксандра землi на Смаленшчыне, Опсу пад Браславам. Акольнiчы смаленскi ў 1486—1500, намеснiк лучынскi ў 1494—1500.

Iван Васiлевiч (мянушкi Глазынiч, Пузынiн). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Iвана III. Яго сыны Мiхаiл, Дзмiтрый, Iван, Леў, Андрэй, Юрый засталiся ў ВКЛ.

Мiхаiл Iванавiч (мянушкi Глазынiч, Глушонак), сын Івана Васілевіча. У бiтве на Вярдошы 1500 трапiў у маскоўскi палон.

Дзмiтрый Iванавiч (мянушка Глушонак; ?—1510?), сын Івана Васілевіча. У 1486—87 атрымаў ад вял. кн. Казiмiра землi на Смаленшчыне, ад вял. кн. Аляксандра — Агiнты ў Жыжмарскiм пав. Ад яго сына Багдана пайшоў род князёў Агiнскiх.

Iван Iванавiч (мянушкi Глушонак, Пузына; ?—1515), сын Івана Васілевіча. За страчаныя ў час войнаў з Маскоўскай дзяржавай землi на Смаленшчыне атрымаў у 1514 ад вял. кн. Жыгiмонта I Старога маёнтак Носава ў Мельнiцкiм пав.

Багдан Цiмафеевiч (?—1571), унук Iвана Iванавiча. Служыў каралеве Боне, пасля Жыгiмонту II Аўгусту. Маршалак гаспадарскi з 1567. Меў маёнткi пад Клецкам, Гародняй.

Аляксандр (у манастве Афанасiй; ? — 1650), сын Юрыя. Паборца валынскi ў 1613, пасол на соймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення унiяцтва. У 1632 абраны правасл. епiскапам луцкiм i астрожскiм (яму падначалены i праваслаўныя Пiнскага пав.), з 1633 архiмандрыт жыдычаўскi. У 1648 падтрымаў паўстанне Б.Хмяльнiцкага.

Геранiм (?—1657), сын Яна. Удзельнiчаў у вйнах з туркамi. Пасол на соймы 1632, 1649—50, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1630, 1644. У 1640—50-я г. адзiн з найб. актыўных абаронцаў кальвiнiзму ў ВКЛ.

Андрэй (?—1701), сын Геранiма. Стараста ўпiцкi, кашталян менскi з 1697.

Мiхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыi ВКЛ у 1699—1717, харужы надворны ў 1712—17, пiсар вялiкi ВКЛ з 1717. Пасол на сойм 1697. Удзельнiк Алькенiцкай бiтвы 1700 з Сапегамi. У час Паўночнай вайны 1700—21 падтрымлiваў Аўгуста II. У 1712 i 1720 пасол да цара Пятра I.

Крыштоф Дамiнiк (?—2.11.1731), сын Андрэя. Вучыўся ў Вiленскай акадэмii. Падстолi ўпiцкi ў 1695 i стараста ў 1696—1720, мсцiслаўскi кашталян з 1720 (або 1722) i ваявода з 1730. Пасол на соймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. У час Паўн. вайны 1700—21 камандаваў харугвамi войска ВКЛ, падтрымлiваў Аўгуста II.

Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казiмiра, падчашага ўпiцкага. Вучыўся ў Вiльнi, Пiнску, Нясвiжы. З 1677 езуiт. Выкладаў у езуiцкiх навучальных установах у Новагародку, Ломжы, Пултуску, Нясвiжы, Крожах, Оршы. У 1709—13 рэктар Нясвiжскага калегiума. Аўтар паэтычных твораў, перакладаў, прац па рыторыцы i этыцы.

Стафан Мiхал (21.12.1667, г. Упiта—5.3.1738), сын Андрэя. Д-р фiласофii (1705) i тэалогii (1734). З 1685 езуiт. Вучыўся ў Вiльнi, Пiнску, Нясвiжы. Выкладаў у езуiцкiх навучальных установах у Пiнску, Гародні, Крожах, Вiльнi, Полацку, Браневе, Варшаве. У 1717—34 узначальваў езуiцкую друкарню ў Варшаве, дзе выдаваў свае тэалагiчныя, фiласофскiя i геаграфiчныя працы i пераклады.

Юзаф (?—5.3.1752), сын Уладзiслава. Д-р тэалогii i кананiчнага права. Канонiк смаленскi ў 1717, вiленскi з 1726, бiскуп iнфлянцкi з 1740.

Антонi Мiхал (?—24.3.1752), сын Андрэя. Харужы ўпiцкi з 1717 i стараста ў 1724—32, харужы надворны з 1728, кашталян мсцiслаўскi з 1746.

Лiтаратура:

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 93—94, 405—410;

Пташицкий С.Л. Князья Пузыны: Ист.-генеал. материалы. СПб., 1899.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.