Артыкулы: Пунскiя

Пунскiя, род татарскiх царэвiчаў у ВКЛ. Паходзiлi ад царэвiча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменнiка Шах-Ахмата, апошняга хана Вял. (Заволжскай) Арды, якi ў пач. 16 ст. ў якасцi ганаровага палоннага знаходзiўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамiнаецца ў попiсе войска ВКЛ 1528. У 1542 вял. кн. Жыгiмонт I Стары на просьбу «царэвiча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошаў. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землi ў Пунскай вол. каля Алiты i маёнтак Калдычэва ў Новагародскiм ваяв. Меў сыноў Iслама, Цiмура i Селiма, якiя выкарыстоўвалi i княжацкi тытул. У 1571—85 яны прадалi Калдычэва канцлеру ВКЛ А.Валовiчу. У 1576 Iслам Енбекавiч за заслугi ў баявых дзеяннях супраць рас. i шведскiх войск у Iнфлянтах атрымаў ад вял. кн. Жыгiмонта II Аўгуста прывiлей на с. Янушкава ў Пунскай вол., пасля — новыя наданнi ад Генрыка Валезы i Стафана Баторыя. Паводле попiсу 1567, П. выстаўлялi ў войска 3 коннiкаў. Як i царэвiчы Астрынскiя, П. не ўваходзiлi ў склад татарскiх харугваў, а мелi права (як князi i паны) з’яўляцца са сваiм атрадам непасрэдна да гетмана. Унукi Енбек-салтана захавалi княжацкi тытул, а тытул царэвiчаў П. ператварыўся ў прозвiшча. Яны прадалi землi пад Пунямi i Паложына ў Менскiм ваяв., дзе яшчэ ў канцы 17 ст. валодалi часткай маёнтка Руднiкi. У 18 ст. гэты род, відаць, згас.

Лiтаратура:

Думин С.В. Татарские царевичи в Великом княжестве Литовском (XV—XVI вв.) // Древнейшие государства на территории СССР: Материалы и исслед., 1987 г. М., 1989;

Яго ж. Татарские князья в Великом княжестве Литовском // Acta Baltico-Slavica. Wrocław etc., 1991. [Т.]. 20.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.