Артыкулы: Радзівіл Марцін Мікалай Кароль
Радзівіл Марцін Мікалай Кароль (11.11.1705, мяст. Цімкавічы Новагародскага ваяв.—11.1.1782), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Я.М.Радзівіла. Вучыўся ў Нясвіжы, Вільні, рана выявіў здольнасці да навукі. У 1720 выехаў у замежнае падарожжа, у час якога завёў знаёмствы з многімі вучонымі. Крайчы ВКЛ у 1723—52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі ў Клецку і Чарнаўчыцах, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапіўся алхіміяй. Відаць, душэўна захварэў. Паводле сведчанняў сучаснікаў, верыў у перасяленне душ, намерваўся перайсці ў іудаізм, для чаго пачаў вучыць іўрыт, завёў гарэм, абвінавачваўся ў гвалтах і забойствах. У 1748 быў аддадзены каралём пад апеку Г.Ф.Радзівілу, які трымаў Р. пад вартай у Белай і Слуцку; пасля апеку пераняў М.К.Радзівіл. У шлюбе з Аляксандрай Бялхацкай меў дачку і сына Юзафа Мікалая, у шлюбе з Мартай Трамбіцкай — сыноў Міхала Гераніма, Дамініка, Якуба і Антонія Мікалая (4.10.1741—крас. 1778), рэферэндара вялікага кароннага духоўнага ў 1767—73, сакратара вялікага кароннага духоўнага з 1773, пробашча нясвіжскага з 1772.
Літаратура:
Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне