Артыкулы: Раізій (Руіс дэ Морас) Пётр

Раізій (Руіс дэ Морас) Пётр (Педра; Roіzjusz, Roіz de Moros; каля 1505, г. Альканіс, Іспанія—26.4.1571), прававед, паэт. Д-р абодвух правоў (1538 або 1539). Вучыўся ва ун-тах Лерыды, Балонні, Падуі, Рыма, магчыма, у Венецыі і Фларэнцыі. Прыняў духоўны сан. З 1542 выкладаў рымскае права ў Кракаўскім ун-це. З 1549 каралеўскі дваранін і дарадчык. З 1551 займаў высокую пасаду аўдытара ў задворным асэсарскім судзе ВКЛ у Вільні, які разглядаў судовыя справы дзярж. гарадоў. Адначасова з 1556 пробашч у Крожах, канонік медніцкі. Па даручэнні жамойцкага біскупа Я.Даманоўскага ў 1561—62 апрацаваў статут Жамойцкага біскупства. Пасля смерці Даманоўскага (1563) уключаны замест яго ў камісію па складанні Статута ВКЛ 1566. На аснове практычнага вопыту напісаў «Заключэнні ... аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях у Літве» («Decіsіones ... de rebus іn sacro audіtorіo Lіthuanіco...», Кракаў, 1563; Франкфурт-на-Майне, 1570; Венецыя, 1572), дзе разгледзеў розныя юрыдычныя пытанні, якія вырашаў на аснове рымскага права. Ва ўступе-прысвячэнні вял. кн. Жыгімонту ІІ Аўгусту выклаў свае погляды на ролю права ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Кніга зрабіла значны ўплыў на судовую практыку і заканадаўства ВКЛ, яе высока ставіў А.Ратундус. У 1560-х г. атрымаў годнасць апостальскага протанатарыуса і папскага двараніна, з 1567 архіпрэсвітэр Віленскага касцёла св. Яна і канонік віленскі, з 1569 кусташ віленскі. Узначальваў пры касцёле св. Яна школу, дзе, на думку некаторых даследчыкаў, увёў выкладанне рымскага права, права ВКЛ, грэчаскай мовы. Зрабіў значны ўклад у развіццё права і культуры ВКЛ. Карыстаўся высокім аўтарытэтам у сучаснікаў, хоць шляхта не шанавала рымскае права, бо бачыла ў ім пагрозу сваім прывілеям. Навукоўцы лічаць Р. стваральнікам школы права ў ВКЛ. Быў заўзятым католікам, выступаў за судовае пакаранне пратэстантаў. Аўтар шматлікіх акалічнасных вершаў (у т.л. на заключэнне Люблінскай уніі 1569, шлюб Жыгімонта ІІ Аўгуста з Барбарай Радзівіл, адкрыццё Віленскага езуіцкага калегіума). Выступаў за спадчыннасць трона, крытыкаваў сац. адносіны ў ВКЛ, п’янства шляхты.

Творы:

Carmіna. P. 1—2. Kraków, 1900.

Літаратура:

Kruczkіewіcz B. Royzyusz: Jego żywot і pіsma. Kraków, 1897.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.