Артыкулы: Раман

Раман (каля 1299—канец 1362), дзеяч праваслаўнай царквы ВКЛ, мітрапаліт літоўскі. Паходзіў з цвярскога баярства, сваяк цвярскога кн. Усевалада Аляксандравіча і жонкі вял. князя літоўскага Альгерда цвярской княжны Ульяны Аляксандраўны. Быў стаўленікам Альгерда, які выступаў за перанос з Масквы ў ВКЛ рэзідэнцыі мітрапалітаў кіеўскіх і ўсяе Русі. Візантыйскі гісторык Мікіфар Грыгара паведамляе, што пасля смерці мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Феагноста (1353) вучоны іераманах Р. прыбыў у Канстанцінопаль раней за маскоўскага прэтэндэнта на мітрапаліцкі пасад Аляксея і быў пасвячоны як мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1354). За гэта, а таксама за перанясенне кафедры мітрапалітаў з Уладзіміра ў Кіеў Альгерд абяцаў патрыярху і візантыйскаму імператару прыняць праваслаўе. Аднак хутка ў Канстанцінопаль прыбыў Аляксей і таксама дамогся ад патрыярха і імператара годнасці мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі, у выніку чаго рус. правасл. царква апынулася падзеленай. Гэтым тлумачылася адмова Альгерда прыняць хрысціянства. Паводле інш. версіі, пасвячэнне ў мітрапаліты атрымаў спачатку Аляксей, а праз некалькі месяцаў — Р., які стаў мітрапалітам літоўскім. На Русі разгарэлася вострае саперніцтва паміж абодвума мітрапалітамі, што было адбіткам узброенага супрацьстаяння Вільні і Масквы. У 1355 Р. і Аляксей зноў прыбылі ў Канстанцінопаль, дзе Р. у дадатак да Полцкай і Тураўскай епархій з кафедрай у Новагародку атрымаў епархіі Малой Русі (відаць, Уладзімірскую, Луцкую і Холмскую). З узброенай дапамогай Альгерда ў 1356 Р. устанавіў царк. ўладу над Кіевам, а пасля захопу Альгердам Бранскага княства падначаліў Бранскую (Чарнігаўскую) епархію. У 1360 беспаспяхова намагаўся падпарадкаваць Цвярскую епархію, для чаго асабіста прыбыў у Цвер. У 1361 канстанцінопальскі патрыярх зноў прызнаў Кіеўскую і Бранскую епархіі за Аляксеем. Пасля смерці Р. Аляксей фактычна стаў агульнарус. мітрапалітам, аднак юрыдычна Літ. мітраполія не была скасавана.

Літаратура:

Тихомиров Н.Д. Галицкая митрополия: Церковно-историческое изследование. СПб., 1896;

Лихачев Н.П. Два митрополита // Сб. статей в честь Д.Ф.Кобеко. СПб., 1913;

Meyendorff J. Alexis and Roman: A Study in Byzantino-Russian Relations (1352—1354) // Byzantinoslavica. 1967. R. 27. № 2;

Голубинский Е. История русской церкви. Т. 2, 1-я пол. М., 1997.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.