Артыкулы: Ратундус (Ратондус) Аўгусцiн

Ратундус (Ратондус) Аўгусцiн (каля 1520, г. Велюнь, Польшча—20.3.1582), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, юрыст, гiсторык, паэт. З мяшчан. Мяркуецца, што яго сапраўднае прозвiшча Мялескi, але з маладых гадоў карыстаўся яго лацiнізаваным варыянтам Р. Вучыўся ў Велюнi, Познанi, Вiтэнбергу, Падуi. Д-р права. Служыў пiсарам у кароннай канцылярыi, з 1551 у Вiльнi, каралеўскi сакратар. У 1552 прызначаны Жыгiмонтам II Аўгустам войтам Вiльнi. Удзельнiчаў у сiстэматызацыi гар. права. Напярэдаднi заключэння Люблiнскай унii 1569 рашуча стаў на пазiцыi вярхоў ВКЛ. Як мяркуюць, Р. з’яўляецца аўтарам кн. «Размова паляка з лiтвiнам аб вольнасцi i аб няволi», выдадзенай ананiмна ў Берасці ў 1565 або 1566 у адказ на антылiтвiнскiя творы С.Ажахоўскага. У кнiзе разглядаецца гiсторыя i лад ВКЛ, крытыкуюцца грамадска-паліт. адносiны ў Польшчы, дзе свавольная шляхта паралiзавала ўладу караля, дзеянне законаў i ўцiскае нiжэйшыя саслоўi. Сойм ВКЛ 1565—66 даручыў Р. працу над падрыхтоўкай Статута ВКЛ 1566, за паспяховае выкананне якой у 1568 Р. быў набiлiтаваны i атрымаў шляхецтва з гербам «Роля». Р. выступаў за пашырэнне лац. мовы ў ВКЛ, выкарыстанне яе ў юрыспрудэнцыi замест беларускай, перавод на яе літ. школ. Удзельнiчаў у Люблiнскiм сойме 1569, быў уключаны ў склад камiсii па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. З 1567 цесна супрацоўнiчаў з вiленскiм бiскупам В.Пратасевiчам пры ўладкаваннi езуiтаў у ВКЛ. Для караля Стафана Баторыя пераклаў Статут ВКЛ 1566 на лац. мову. Магчыма, ён напiсаў далучаную да Статута кароткую хронiку вял. князёў ВКЛ. Выдаў шэраг палемiчных твораў супраць пратэстантаў, вершы. Відаць, па iнiцыятыве Жыгiмонта II Аўгуста напiсаў у 1550-х г. першую вядомую гiсторыю ВКЛ. Аўтограф твора захоўваўся ў нясвiжскай б-цы Радзiвiлаў, пасля ў Пецярбургу, дзе знiк у 19 ст. Два iншыя спiсы таксама не дайшлi да нашага часу. Сабраныя матэрыялы Р. перадаў М.Стрыйкоўскаму, якi iх выкарыстаў пры напiсаннi «Хронiкi польскай, лiтоўскай, жамойцкай i ўсёй Русi». Урыўкi з кнiгi Р. захавалiся ў хронiцы нямецкага гiсторыка 17 ст. I.Ф.Рывiуса, сярод iх — звесткi з бел. летапiсаў, якiя не захавалiся да нашага часу.

Літаратура:

Jakubowski J. Nowe przyczynki do życiorysu A.Rotunda // Litwa i Ruś. 1912. Z. 1;

Baryczowa M. Augustyn Rotundus Mieleski, wójt wileński, pierwszy historyk i apologeta Litwy: Rozdz. 3. W walce z róźnowierstwem // Ateneum Wileńskie. 1935—36. R. 10—11;

Яе ж. Augustyn Rotundus Mieleski — pierwszy historyk i apologeta Litwy // Z dziejów polskiej kultury umysłowej w XVI i XVII w. Wrocław etc., 1976;

Senoji Lietuvos literatūra. Kn. 5. Šešioliktojo amžiaus raštija. Vilnius, 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.