Артыкулы: Рудамiны (Рудамiны-Дусяцкiя)
Рудамiны (Рудамiны-Дусяцкiя), шляхецкi род герба «Трубы». Вядомы з 16 ст. Родапачынальнiк купец Андрэй Мiкалай, радца вiленскi ў 1521, якi валодаў землямi ў Рудамiнскай вол. недалёка ад Вiльнi (падараваны вял. кн. Аляксандрам), меў сыноў Мацея i Яна (?—1599), вiленскага бурмiстра. Прадстаўнiкi роду валодалi Дусятамi (адсюль 2-я частка прозвiшча, якой карысталiся з канца 16 ст.), Вiдзiшкамi ў Вiлькамiрскiм пав., Лучаем, Камаямi, Граўжышкамi, Гняздзiлавiчамi, Вольберавiчамi, Дудамi, Даўгiнавам, Мiльчай у Ашмянскiм пав., Дукштамi ў Браслаўскiм пав., Муснiкамi ў Вiленскiм ваяв., Палонкай, Сваятычамi ў Новагародскiм пав. i iнш. Найб. вядомыя:
Мацей (?—1586), сын Андрэя Мiкалая. Вiленскi купец, буйны гандляр футрам. У 1550—70-я г. неаднаразова выбiраўся радцам i бурмiстрам. У 1585 купiў у Ю.Радзiвiла Дусяты. У 1576 атрымаў шляхецтва, М. Радзiвiл Руды прыняў яго з родам да сябе ў гербавае братэрства.
Андрэй (каля 1595—3.9.1632), сын Яна. Вучыўся ў Вiленскай акадэмii, Лёвенскiм ун-це (Бельгiя), Рымскiм езуiцкiм калегiуме. З 1618 езуiт. У 1625 як мiсiянер выехаў у партугальскiя калонii Гоа, Макао, потым у Кiтаi. Аўтар рэлiг. твораў на кiтайскай мове.
Ян (каля 1543—21.7.1621), сын Мацея. Удзельнiк Інфлянцкай вайны 1558—82. Войскi браслаўскi з 1600, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1602, 1605, 1615. Збудаваў Камайскi касцёл.
Ян (1581—9.2.1646), сын Яна. Вучыўся ў Вiленскай акадэмii, Iнгальштацкiм i Аўгсбургскiм ун-тах (Германiя). Каралеўскi дваранiн i сакратар, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1610, ляснiчы вiлькiйскi з 1618, новагародскi падваявода ў 1619—22, харужы ў 1627—36, кашталян з 1636. У 1623—35 неаднаразова выбiраўся паслом на сойм. Удзельнiк вайны Рэчы Паспалiтай са Швецыяй 1600—29, Хацiнскай бiтвы 1621 з туркамi. Бiтву апiсаў у вершаваным творы «Праўдзiвы дыярыуш экспедыцыi Кароны Польскай i Вялiкага княства Лiтоўскага супраць Асмана ў Валахii шчаслiва выпраўленай» (1640). Яму прысвечаны творы М.К.Сарбеўскага.
Пётр (?—1649), сын Яна. Вучыўся ў Нясвiжскiм калегiуме, Вiленскай акадэмii. Удзельнiк войнаў Рэчы Паспалiтай са Швецыяй 1600—29, з Расiяй 1609—18 i 1632—34. Браслаўскi падстолi ў 1620—21, войскi ў 1621—24, харужы ў 1624—39, кашталян дорпацкi ў 1639—43 i смаленскi з 1643, стараста ўсвяцкi ў 1623—40; пасол на соймы 1631, 1632, 1635, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1619, 1626.
Крыштоф (?—1655), сын Яна. Вучыўся ў Вiленскай акадэмii, Марбургскiм i Падуанскiм ун-тах. Удзельнiк войнаў Рэчы Паспалiтай са Швецыяй 1600—29, з Расiяй 1608—19 i 1654—67, Хацiнскай бiтвы 1621. Маршалак браслаўскi ў 1630—45, кашталян полацкi ў 1645—54, ваявода менскi з 1654; пасол на соймы 1627, 1632, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1639, 1644, 1653.
Ян Мiкалай (1615—51), сын Пятра. Вучыўся ў Вiленскай i Кракаўскай акадэмiях, Лейдэнскiм i Балонскiм ун-тах. Браслаўскi харужы ў 1639—45 i маршалак з 1645, стараста ўсвяцкi, пасол на сойм 1648, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1640, 1645.
Пётр (?—1684), сын Крыштофа. Стольнiк браслаўскi ў 1652—61, харужы ашмянскi ў 1661—67, стараста старадубскi з 1663, падваявода вiленскi ў 1669—82, палкоўнiк войска ВКЛ; неаднаразова выбiраўся паслом на соймы ў 1665—74, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1655, яго маршалак у 1679. Ваяваў супраць войск Б.Хмяльнiцкага, шведскiх войск у Жамойцi i Iнфлянтах у час Паўночнай вайны 1655—69. У вайне Расіі з Рэччу Паспалiтай 1654—67 у 1660—61 ваяваў ва ўсх. Беларусi, удзельнiчаў у Кушлiцкай бiтве 1661. У 1667 галоўнакамандуючы армiяй ВКЛ на рас. мяжы.
Юзаф Станiслаў (6.1.1689—3.3.1729), езуiт, выкладаў у езуiцкiх навуч. установах у Вiльнi, Гародні, Новагародку, Любчы, Полацку, Браневе, з 1728 рэктар Менскага езуiцкага калегiума. Аўтар драматычных твораў.
Антонi Людвiк (?—1756), сын Яна Казiмiра, падкаморага браслаўскага. Стараста субоцкi i бiржанскi з 1720-х г., падкаморы браслаўскi з 1724; неаднаразова выбiраўся паслом на соймы ў 1720—46. Пасол Станiслава Ляшчынскага ў Пецярбург у 1733. З 1735 падтрымлiваў Аўгуста III.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне