Артыкулы: «Руска-беларускiя сувязi»

«Руска-беларускiя сувязi» [«Русско-белорусские связи (1570—1667 гг.», «Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.)»], зборнiкi дакументаў, што асвятляюць узаемаадносiны ВКЛ з Рускай дзяржавай у 2-й пал. 16—канцы 17 ст. Падрыхтаваны супрацоўнiкамi БДУ (Л.С.Абэцэдарскi, А.П.Iгнаценка) i Цэнтр. дзярж. архiва стараж. актаў у Маскве (цяпер Рас. дзярж. архiў стараж. актаў). Выдадзены ў Мiнску ў 1963 i 1972. 1-ы зборнiк змяшчае дакументы ад пасольства ВКЛ у Маскву ў 1570 да Андросаўскага перамiр’я 1667, 2-i — да «Вечнага мiру» 1686 памiж Рэччу Паспалiтай i Расiяй. Дакументы паходзяць з Рас. дзярж. архiва стараж. актаў, асобныя — з iнш. архiваў, часткова перадрукаваны з ранейшых публiкацый. Сярод крынiц — пасольская дакументацыя, вытрымкi з мiжнар. дагавораў (Ям-Запольскага 1582, Дэулiнскага 1618, Палянаўскага 1632, Андросаўскага 1667) i мытных кнiг, перапiска рас. прыказаў з органамi ўлады на месцах, праязныя граматы i чалабiтныя, указныя граматы рас. ўрада па пытаннях гандлю. Комплекс дакументаў асвятляе падзеi вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67: данясеннi рас. ваявод пра падзеi ў ВКЛ, перапiска пра перасяленне сялян i мяшчан у Расiю, распытвальныя гутаркi выхадцаў з Беларусi, царскiя граматы насельнiцтву занятых бел. гарадоў. Шматлiкiя дакументы асвятляюць дзейнасць выхадцаў з Беларусi ў Расii: запiсныя кнiгi палонных, чалабiтныя бел. рамеснiкаў, спiсы рамеснiкаў i гандляроў бел. паходжання ў маскоўскiх слабодах i сотнях, дакументы пра майстроў-беларусаў Аружэйнай палаты, пра ўдзел выхадцаў з Беларусi ў сял. вайне на чале з С.Разiным i iнш. Зборнiкi забяспечаны каментарыямi, геагр. паказальнiкамi.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.