Артыкулы: «Руска-лiвонскiя акты»

«Руска-лiвонскiя акты» («Русско-ливонские акты», «Russisch-Livländische Urkunden»), выданне гiстарычных крынiц пра адносiны нямецкiх дзяржаў у Лiвонii (г. Рыга, Рыжскае архiбiскупства, Лiвонскi ордэн i iнш.) з Ноўгарадам, Псковам, Смаленскам, Полацкам, Вiцебскам, ВКЛ i Маскоўскай дзяржавай у 12—пач. 17 ст. Зборнiк склаў К.Э.Нап’ерскi, пасля яго смерцi падрыхтаваў да друку А.А.Кунiк, выдадзены Археаграфiчнай камiсiяй (С.-Пецярбург, 1868). У iм змешчаны 402 дакументы i рэгесты, у асноўным з архiваў Рыгi. Сярод iх 1 дакумент 12 ст., 7 актаў 13 ст.; больш за 200 дакументаў апублiкавана ўпершыню, з iх 49 на стараж.-рус., рус. i бел., 38 на лацінскай, 167 на нямецкай мовах. Дакументы зборнiка асвятляюць палiт., дыпламатычныя, ваен. i гандлёвыя адносiны дзяржаў ва Усх. Прыбалтыцы. 10 актаў датычаць Смаленска, 7 — Вiцебска, 66 — Полацка, больш за 150 — ВКЛ у цэлым. У зборнiку апублiкаваны дагавор 1229 памiж Смаленскам, Вiцебскам i Полацкам з аднаго боку i Рыгай i Гоцкiм берагам з другога, граматы полацкiх князёў 13 ст. Гердзеня i Iзяслава, полацкага епiскапа Якава 1309, лiсты вял. князя літоўскага Гедзiмiна 1323, полацкага намеснiка Мантыгiрда канца 14 ст., вял. князя літоўскага Вiтаўта 1401, кн. Свiдрыгайлы 1402, гандлёвы дагавор Полацка з Рыгай 1405, перапiска полацкага баярства i мяшчанства з уладамi Рыгi 14—16 ст. i iнш. У прадмове на рус. i нямецкай мовах дадзена агульная характарыстыка зборнiка. Загалоўкi i каментарыi да дакументаў (матэрыял, мова, пячаткi, датаванне, месца зберажэння, публiкацыi i iнш.) зроблены на нямецкай мове. Пералiк дакументаў, iмянны i геагр. паказальнiкi адсутнiчаюць.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.