Артыкулы: Руская цэнтралiзаваная дзяржава

Руская цэнтралiзаваная дзяржава, феадальная шматнацыянальная дзяржава, якая ў канцы 15—пач. 16 ст. аб’яднала вакол Маскоўскага вялiкага княства паўд.-ўсх. землi i княствы Русi.

Перадумова цэнтралiзацыi — уздым у 14—15 ст. эканомiкi: аднаўлялiся землi, запусцелыя ў вынiку мангола-татарскага нашэсця, асвойвалiся новыя землi на Пн, ПнУ, У, развiвалася сельская гаспадарка, рамяство, павялiчваўся таварна-грашовы абарот. У цэнтралiзацыi дзярж. улады былi зацiкаўлены феадалы i духавенства, каб замацаваць сваё эканам. становiшча i прыгон сялян, рамеснiкi i гандляры, каб расшырыць рынак. Гэтага патрабавалi iнтарэсы змагання супраць знешнiх ворагаў. У барацьбе за палiт. першынство памiж Маскоўскiм вял. княствам i Цвярскiм вялiкiм княствам перамагла Масква. У асноўным рус. землi аб’яднаў вял. князь Iван III Васiлевiч [1462—1505], пры якiм былi далучаны Яраслаўскае (1463), Растоўскае (1474), Цвярское (1485) княствы, Наўгародская рэспублiка (1478), Вяцкая (1489), часткова Разанская землi; у 1480 скiнута мангола-татарская няволя. У вынiку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1492—94 i вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1500—03 да Р.ц.дз. адышоў шэраг тэрыторый з г. Чарнiгаў, Ноўгарад-Северскi, Бранск, Любеч, Гомель, Старадуб, Мцэнск, Бельск i iнш. Пры вял. князю Васiлю III Iванавiчу [1505—33] да Р.ц.дз. далучаны Пскоўская рэспублiка (1510), Разанская зямля (1521) i iнш. У вынiку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1507—08 i вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1512—22 да Р.ц.дз. адышоў г. Смаленск i iнш. землi. На службу да маскоўскага вял. князя перайшлi з ВКЛ князi Вяземскiя, Глiнскiя, Мажайскiя i iнш. З шляхты ВКЛ, якая добраахвотна перасялiлася цi была ўзята ў палон, у Расii ўтварылася служылая праслойка — лiтва дваровая. У час рэгенцтва Алены Глiнскай (1533—38) пры малалетнiм вял. кн. Iване IV Васiлевiчу [1533—84] скасаваны ўдзелы. У 1547 Iван IV каранаваны як цар. У 1550-я г. захоплены Казанскае i Астраханскае ханствы, у залежнасць ад Масквы трапiлi Вял. Нагайская арда i Сiбiрскае ханства, пачалося асваенне рускiмi Сiбiры. Iван IV пачаў Iнфлянцкую вайну 1558—82, у вынiку якой Расiя страцiла некаторыя паўн.-зах. землi. Пасля ўступлення на трон цара Фёдара Iванавiча [1584—98], апошняга з дынастыi Рурыкавiчаў, у Расii настаў т.зв. Смутны час. Цараванне Барыса Гадунова [1598—1605], Iлжэдзмiтрыя I [1606] i Васiля Шуйскага [1606—12] адметнае палiт. нестабiльнасцю i вострымi сац. канфлiктамi (паўстанне I.Балотнiкава 1606—07). Вайна Рэчы Паспалiтай з Расiяй 1609—18, якая мела на мэце захапiць Смаленск i iнш. гарады, падтрымаць прэтэндэнта на рас. трон Iлжэдзмiтрыя II, з 1610 вялася, каб забяспечыць царскi прастол за абвешчаным царом Уладзiславам Жыгiмонтавiчам, сынам караля польскага i вял. князя лiтоўскага Жыгiмонта III. У 1613 на рас. трон абраны Мiхаiл Фёдаравiч [1613—45], першы цар з дынастыi Раманавых. Вайна Расii з Рэччу Паспалiтай 1632—34 скончылася для Расii няўдала. З пачаткам царавання Аляксея Мiхайлавiча [1645—76] рас. ўрад узяў курс на далучэнне ўкр. i бел. зямель. Вайна Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67, якая мела для Беларусi катастрафiчны характар i скончылася далучэннем да Расii некаторых зах.-рус. зямель i Левабярэжнай Украiны, выклiкала ў Расii рэзкае пагаршэнне сац.-эканам. становiшча (сял. вайна 1670—71 на чале са С.Разiным, шматлiкiя паўстаннi, у т.л. ў Маскве). Праўленне Фёдара Аляксеевiча [1676—82], Соф’i Аляксееўны [1682—89], Iвана V Аляксеевiча [1682—96], Пятра I Аляксеевiча [1682—1725] адметнае ростам намаганняў Расii атрымаць выхад да Чорнага мора, супрацьдзейнiчаць агрэсiўнай палiтыцы Крымскага ханства i Турцыi. Пасля завяршэння Паўночнай вайны 1700—21, у вынiку якой да Расii адышлi прыбалтыйскiя землi, была абвешчана Расiйская iмперыя (1721).

Р.ц.дз. стваралася ў вострай унутрыкласавай барацьбе. Да сярэдзiны 16 ст. аформiўся дзярж.-палiт. лад Расii — феад. манархiя з саслоўным прадстаўнiцтвам. Вярхоўная заканадаўчая, судовая i выканаўчая ўлада належала вял. князю (з 1547 — цару); дарадчы, судовы i выканаўчы орган — Баярская дума. У сярэдзiне 16—17 ст. склiкалiся саслоўна-прадстаўнiчыя Земскія саборы. Да 1550-х г. узніклі цэнтр. органы дзярж. кіравання — прыказы, у паветах намеснікаў замянялі саслоўныя органы самакіравання — губныя i земскiя iзбы. Прававыя нормы Р.ц.дз. былі зафіксаваны ў Судзебніках 1497 і 1550, Саборным улажэнні 1649. У Р.ц.дз. большасць насельнiцтва складала сялянства. Да сярэдзiны 17 ст. завершаны працэс юрыд. афармлення прыгоннага права. Буйнымi рамеснымi прадпрыемствамi былi Гарматны (з канца 15 ст.) i Манетны (заснаваны ў 1534) двары ў Маскве. У канцы 16 ст. ўзнiклi першыя мануфактуры (папернi), у 17 ст. працавалi Хамоўны (палатняны) двор у Маскве, жалезаапрацоўчыя заводы ў Кашыры i Туле, шкляны i парахавы заводы ў Маскве i iнш.

Iнтэнсiўна развiвалася мураваная фартыфiкацыя. У 16 ст. пабудаваны крамлi ў Нiжнiм Ноўгарадзе, Туле, Каломне, Зарайску, Смаленску, Серпухаве, пасля ў iнш. гарадах. Абарончае значэнне мелi Кiрыла-Белазерскi, Салавецкi i iнш. манастыры. Вял. развiццё атрымала летапiсанне («Лiцавы летапiсны звод», Уваскрасенскi летапiс, Нiканаўскi летапiс i iнш.), стваралiся гiст. аповесцi («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоiшча», творы А.Палiцына, I.Цiмафеева i iнш.), распаўсюджвалiся перакладныя творы («Александрыя», «Траянскае сказанне» i iнш.). Сярод публiцыстаў 16—17 ст. вылучаюцца Ф.Карпаў, I.С.Перасветаў, Ермалай-Еразм, Авакум. У сярэдзiне 16 ст. ў Маскве ўзнiкла кнiгадрукаванне, 1-я датаваная кнiга («Апостал») выдадзена I.Фёдаравым i П.Мсцiслаўцам у 1564. У Маскве ў 17 ст. было адкрыта некалькi сярэднiх школ, у 1687 заснавана вышэйшая навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацiнская акадэмiя.

Тэр. Р.ц.дз. ў канцы 16 ст. каля 5,5 млн. км²: на Пн да Баранцава i Белага мораў, на ПнУ уключала Урал, на ПнЗ межавала з Нарвегiяй, Швецыяй i Інфлянцкім ордэнам, на З i ПдЗ з ВКЛ, на Пд межы не былi акрэслены; насельніцтва каля 9—10 млн. чал. Этнiчную аснову складалi рускiя, жылi таксама лапары, ханты, комi, удмурты, татары, мары, чувашы, мардва, карэлы i iнш. У ходзе войнаў з ВКЛ у Расiю неаднойчы былi пераселены значныя групы беларусаў, якiя паселены ў Маскве i iнш. месцах (гл. Будакi). Бел. перасяленцы зрабiлi вял. ўклад у развiццё рас. рамяства i духоўнай культуры (Перасветаў, Мсцiславец, Сiмяон Полацкi, I.Капiевiч i iнш.).

Лiтаратура:

Черепнин Л.В. Образование русского централизованного государства в XIV—XV вв.: Очерки социально-экон. и полит. истории Руси. М., 1960;

Тихомиров М.Н. Россия в XVI столетии. М., 1962;

Яго ж. Российское государствао XV—XVII вв. М., 1973;

Зимин А.А. Реформы Ивана Грозного: Очерки социально-экон. и полит. истории России середины XVI в. М., 1960;

Яго ж. Опричнина Ивана Грозного. М., 1964;

Яго ж. Россия на пороге нового времени: (Очерки полит. истории России первой трети XVI в.). М., 1972;

Яго ж. Россия на рубеже XV—XVI столетий: (Очерки социально-полит. истории). М., 1982;

Яго ж. В канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986;

Яго ж. Витязь на распутье: Феодальная война в России в XV в. М., 1991;

Яго ж. Опричнина. М., 2001;

Сахаров А.М. Образование и развитие Российского государства в XIV—XVII вв. М., 1969;

ФлоряБ.Н. Русско-польские отношения и политическое развитие Восточной Европы во второй половине XVI—начале XVII в. М., 1978;

Яго ж. Польско-литовская интервенция в России и русское общество. М., 2005;

Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV—первой трети XVI в. М., 1995;

Базилевич К.В. Внешняя политика Русского централизованного государства: Вторая половина XV века. [2 изд.] М., 2001;

Хорошкевич А.Л. Россия в системе международных отношений середины XVI века. М., 2003.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.