Артыкулы: «Рэвiзiя пушчаў i пераходаў звярыных у былым Вялiкiм княстве Лiтоўскiм...»

«Рэвiзiя пушчаў i пераходаў звярыных у былым Вялiкiм княстве Лiтоўскiм...» («Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением грамот и привилегий на входы в пущи и на земли, составленная старостою мстибоговским Григорием Богдановичем Воловичем в 1559 г., с прибавлением другой актовой книги, содержащей в себе привилегии, данные дворянам и священникам Пинского повета, составленной в 1554 г.»), выданне гаспадарча-юрыдычнай дакументацыi дзяржаўных i прыватных уладанняў ВКЛ сярэдзiны 16 ст., ажыццёўленае Вiленскай археаграфiчнай камiсiяй у 1867. Змяшчае «Реистр списанья и выведанья пущ и переходов звериных», складзены ў 1559 Р.Б.Валовiчам па даручэннi вял. князя лiтоўскага Жыгiмонта II Аўгуста. У дакуменце дадзена апiсанне дзярж. пушчаў у паўн. Украiне, паўд. i зах. Беларусi i Лiтве з пазначэннем iх межаў на карце (не збераглася). Адзначаны «отступы» — месцы палявання, сёлы ў пушчах, колькасць у iх «службаў» i людзей. Адначасова з правядзеннем апiсання зроблена праверка правоў навакольнай шляхты на валоданне землямi i карыстанне пушчамi i складзены «Реистр списанья и оказыванья привилеев и листов на именья», дзе перапiсаны граматы вял. кн. Аляксандра, Жыгiмонта II Аўгуста, Боны, пiнскага кн. Ф.I.Яраславiча, пiнскай княгiнi Марыi, дадзеныя на карысць пiнскай, кобрынскай, камянецкай, давыд-гарадоцкай, слонiмскай, мсцiбогаўскай, ковенскай i троцкай шляхты. Мэтай апiсання было ўпарадкаванне дзярж. лясной гаспадаркi i вяртанне ў дзярж. скарб незаконна захопленых шляхтай зямель. З аналагiчнымi мэтамi ў 1554 адмiнiстрацыяй Боны быў складзены «Реестр списованья привильев земян, шляхты повету Пинского и попов, наданья замку Пинского», дзе перапiсаны граматы на землi Жыгiмонта I Старога, Боны, Яраславiча i Марыi, выдадзеныя шляхце i правасл. духавенству Пiнскага i Давыд-Гарадоцкага паветаў, а таксама шляхецкiя акты на куплю-продаж зямель. Праверка правоў прыватных землеўладальнiкаў на маёнткi была важным мерапрыемствам Боны, састаўной часткай валочнай памеры на Палессi. Выданне з’яўляецца каштоўнай крынiцай па сац.-эканам. гiсторыi Беларусi, змяшчае вялiзны матэрыял па гiст. геаграфii, анамастыцы, генеалогii. Паказальнiкi асабовых iмён, геагр. назваў i прадметаў былi выдадзены асобна — «Алфавiтны паказальнiк да актавай кнiгi, выдадзенай Вiленскай археаграфiчнай камiсiяй у 1867 г.: Рэвiзiя пушчаў i пераходаў звярыных у былым Вялiкiм княстве Лiтоўскiм...» (Вiльня, 1873).

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.