Артыкулы: Рэчыца

Рэчыца (цяпер горад, цэнтр Рэчыцкага р-на, Рэспубліка Беларусь), горад, цэнтр Рэчыцкага павета, на правым беразе Дняпра. Упершыню ўпамiнаецца пад 1213, належала Чарнігаўскаму княству. З 14 ст. ў ВКЛ. У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) упамінаецца як «кіеўскі» горад. З 15 ст. цэнтр Рэчыцкай воласці. У 1505, відаць, спалена татарамі. 2.10.1511 атрымала права на самакіраванне (пацвярджалася ў 1561, 1596). Карысталася гербам з выявай харугвы з «Пагоняй». У ходзе адм.-тэр. рэформы 1565—66 Р. стала цэнтрампавета. Тут існавалі магутныя рэчыцкія гарадскія ўмацаванні. У 1596 захоплена казакамі С.Налівайкі. У пач. 17 ст. ў Р. да 2 тыс. жыхароў. У 1634 менскi ваявода А.Слушка заснаваў у Р. кляштар дамiнiканцаў. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькi разоў займалi казацка-сялянскiя атрады. У 1648 горадам авалодаў 3-тысячны атрад, якому Б.Хмяльнiцкi забаранiў пакiдаць Р. як важны стратэгiчны пункт, нягледзячы на недахоп узбраення. У 1649 Р. адбiў Я.Радзiвiл, аднак у 1650 горад апынуўся ў руках палкоўнiка М.Нябабы, якi ў сваю чаргу не змог утрымаць Р. i быў забiты пры адступленнi. Пасля гэтых падзей Радзiвiл значна ўмацаваў Р. У вайну Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 Р. ў 1654 захоплена казакамі І.Залатарэнкі. Пасля вайны горад страцiў стратэгiчнае значэнне, яго ўмацаваннi пачалi пакрыху разбурацца. Паводле прывiлея Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. і Рэчыцкае стараства трапiлі ва ўладанне князёў Радзiвiлаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалiтай (1793) у складзе Рас. iмперыi.

Літаратура:

Умецкий Б.И. Речица: Краткий ист.-экон. очерк. Мн., 1963;

Трэція міжнародныя Доўнараўскія чытанні: Рэчыца, 14—15 верасня 2001 г. Мн., 2002;

Чацвёртыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні: Рэчыца, 18—19 верасня 2003 г. Ч. 2. Рэчыца ў часе і прасторы: 790 год заснавання горада. Гомель, 2004.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.