Артыкулы: Саламярэцкiя

Саламярэцкiя, княжацкi род герба «Равiч». Па паходжаннi Рурыкавiчы, прозвiшча ад назвы маёнтка Саламярэч у Менскiм пав. (цяпер в. Саламарэчча Мiнскага р-на). Паходзяць ад Iвана Дзмiтрыевiча (мянушка Шах), унука смаленскага вял. кн. Святаслава Глебавiча (?—1310). Iван Дзмiтрыевiч меў сыноў Юрыя, Фёдара i Сямёна, ад сына Юрыя — Васiля па мянушцы Тацiшч паходзiць рас. дваранскi род Тацiшчавых, ад Фёдара або Сямёна — род С. Найб. вядомыя:

Васiль Iванавiч (?—да 8.9.1540), сын Iвана Васiлевiча. Дзяржаўца кернаўскi ў 1512, дзяржаўца магiлёўскi з 1520. У 1528 выстаўляў у войска ВКЛ 15 коннiкаў. Валодаў маёнткамi Саламярэч (заснаваў там манастыр), Асташын, Плешчанiцы, Хатаевiчы, Домжарычы, Будзiнiчы, Гогалiца, замкам Камень.

Фёдар Васiлевiч (?—каля 1540), сын Васiля Iванавiча. Каралеўскi дваранiн, у 1533 умацоўваў Мсцiслаўскi замак, у 1540 дзяржаўца меднiцкi.

Юрый Васiлевiч (?—1559?), сын Васiля Iванавiча. Дзяржаўца ашмянскi ў 1546—51.

Iван Васiлевiч (?—1578?), сын Васiля Iванавiча. Дзяржаўца аiнскi ў 1541—52, дабосненскi ў 1552—55, глускi ў 1552—56, быхаўскi ў 1555—56, стараста мсцiслаўскi i радамльскi з 1558, першы кашталян мсцiслаўскi з 1566. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Валодаў Саламярэччу, Гогалiцай, Плешчанiцамi, Сёмкавым Гарадком ў Менскім пав., Асташынам у Новагародскім пав., Кельмамі ў Жамойці. Апекваў правасл. цэрквы.

Багдан Iванавiч (?—7.9.1602), сын Iвана Васiлевiча. Стараста крычаўскi i лучыцкi з 1580, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1596. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82, падаўленні Налівайкі паўстання 1595—96. Працiўнiк Берасцейскай царк. унii 1596, падтрымлiваў правасл. брацтвы, будаваў цэрквы. Валодаў мяст. Саламярэч, в. Старыя Саламярэчы, Саламярэцкi Гарадок, жонка Ева Корсак прынесла яму ў пасаг Баркулабава ў Аршанскiм пав. Заснаваў мяст. Баркулабава і Багданава.

Багдан Багданавiч (1589—1630), сын Багдана Iванавiча. Стараста крычаўскі і лучыцкі з 1602. У 1626 з сястрой Аленай выдаў ліст на заснаванне ў Баркулабаве правасл. мужчынскага Святадухаўскага манастыра.

Багдан Васiлевiч (?—1565), сын Васiля Iванавiча. Дзяржаўца аiнскi ў 1555, дзяржаўца (стараста) рагачоўскi з 1559. Удзельнiчаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Заснаваў Баркулабаўскі Узнясенскі манастыр.

Iван Багданавiч (? — пасля 1599), сын Багдана Васiлевiча. Выступаў супраць Берасцейскай унii 1596, у 1599 удзельнiчаў у сумесным саборы 1599 праваслаўных i пратэстантаў у Вiльнi. Валодаў Лахвай, Асташынам, Плешчанiцамi, Гогалiцай.

Мiкалай Леў (?—1626 або 1627), сын Iвана Багданавiча. Падкаморы пiнскi ў 1608—23, кашталян смаленскi з 1623, пасол на сойм 1613, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1616. Валодаў Высоцкам, Дубровiцай, Церабяжовам, Столінам у Пiнскiм пав., Плешчаніцамі ў Менскім пав., маёнткамі на Валыні.

Ян Уладзiслаў (?—лют. 1641), сын Мiкалая Льва. Маршалак пiнскi з 1629, пасол на сойм 1638. З яго смерцю род С. згас.

Літаратура:

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 493—503.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.