Артыкулы: Сангушкi

Сангушкi, княжацкi род герба «Пагоня». Генеалогi 16—18 ст. (Б.Папроцкi, Ш.Акольскi, К.Нясецкi i iнш.) выводзiлi iх ад Любарта, сына Гедзiмiна, таму некаторыя прадстаўнiкi роду пiсалiся Сангушкамi-Любартавiчамi. Даказаным з’яўляецца паходжанне роду ад Фёдара Альгердавiча (?—каля 1431), якi меў сыноў Сангушку (памяншальны варыянт iмя Аляксандр, Васiль або Сямён) — родапачынальнiка С., Фёдара, князя ўладзiмiрскага, Рамана, родапачынальнiка князёў Кобрынскiх, i Гурку, родапачынальнiка князёў Гуркавiчаў. С. валодалi маёнткамi пераважна на Валынi. Ад сыноў Сангушкi Аляксандра (?—да 1491) i Мiхаiла (?—пасля 1511) пайшлi кашырска-несухаiжская i ковельская лiнii роду, прадстаўнiкi якiх карысталiся прозвiшчамi Сангушкi-Кашырскiя i Сангушкi-Ковельскiя. У 15—18 ст. займалi вышэйшыя дзярж. пасады ў ВКЛ i Польшчы. Спачатку вызнавалi праваслаўе, з 16 ст. пераходзiлi ў каталiцтва. Найб. вядомыя:

Сангушка (? — пасля 1454), сын Фёдара Альгердавiча. У спадчыну ад бацькi i старэйшага брата Фёдара атрымаў Кашырск, Грабава, Несухаiжы, Ковель, Любомль, Ратна i iнш. маёнткi на Валынi. У час феадальнай вайны 1432—39 спачатку падтрымлiваў Жыгiмонта Кейстутавiча, у канцы 1430-х г. увайшоў у раду Свiдрыгайлы. Удзельнiчаў у абраннi на трон ВКЛ у 1440 вял. кн. Казiмiра IV Ягелончыка. Валодаў маёнткамi каля Берасця, якiя атрымаў ад Жыгiмонта (Трасцянiца) i Казiмiра (Каросцiчы, Аляшковiчы, Шчаславiчы).

Васiль (?—1557?), сын Мiхаiла Сангушкавiча. Каралеўскi дваранiн, у 1516 атрымаў у спадчыну вял. ўладаннi на Валынi. У 1543 перадаў вял. княгіні Боне Ковельскi маёнтак узамен за Горваль каля Рэчыцы, Смаляны i Абольцы ў Вiцебскiм ваяв., стварыўшы буйную латыфундыю С. на Беларусi; адначасова стаў трымальнiкам Свiслацкай дзяржавы-стараства (да 1552).

Андрэй Мiхайлавiч (?—4.10.1560), сын Мiхаiла Аляксандравiча, унук Аляксандра Сангушкавiча. Маршалак гаспадарскi ВКЛ у 1522—53, спраўца Кiеўскага ваяв. ў 1540—42, стараста луцкi ў 1542—59. У 1508, 1512—14 удзельнiчаў у войнах з Маскоўскай дзяржавай, у 1512, 1515 — з татарамi. Валодаў маёнткамi на Валынi, у Новагародскiм ваяв. (Дзярэчын), Гарадзенскiм (Кузнiца), Берасцейскiм (Кусцiн), Кобрынскiм паветах.

Аляксандр (каля 1508—65), сын Андрэя Мiхайлавiча. Дзяржаўца гомельскi ў 1535—36, маршалак гаспадарскi ВКЛ з 1547. У 1534—35 i 1564 удзельнiчаў у войнах з Маскоўскай дзяржавай, у 1539 i 1561 — з татарамi. Акрамя маёнткаў на Валынi валодаў Дзярэчынам, Рэчыцай, Кусцiнам у Беларусi.

Раман Фёдаравіч (каля 1537—12.5.1571), гл. Сангушка Р.Ф.

Рыгор (?—1602), сын Льва. Кашталян любачоўскi ў 1597—98 i брацлаўскi з 1598. Актыўны абаронца праваслаўя, удзельнiчаў у сумесным саборы 1599 праваслаўных i пратэстантаў у Вiльнi. Меў маёнткi на Валынi, Татаравiчы ў Менскiм пав., Кабыльнiк у Ашмянскiм пав., Быхава i Беражаны ў Пiнскiм пав.

Самуэль Сямён (Шыман Самуэль; ?—лiст. 1638), сын Андрэя. Вучыўся ў Iнгальштацкiм ун-це. Удзельнiчаў у войнах супраць Швецыi 1600—29 i Расii 1609—18. Маршалак аршанскi ў 1620, кашталян мсцiслаўскi ў 1620—21 i вiцебскi ў 1621—26, ваявода вiцебскi з 1626. Уваходзiў у склад камiсii па расследаваннi забойства ў 1623 у Вiцебску полацкага унiяцкага архiепiскапа Iасафата Кунцэвiча. Валодаў Смалянамi, Абольцамi, Горвалем. У Смалянах пабудаваў замак Белы Ковель (гл. Смалянскi замак). Сабраў вял. б-ку, склаў радавод С., выводзячы iх ад Любарта, займаўся маляваннем i гравюрай. Аўтар друкаваных прамоў. Перайшоў з праваслаўя ў каталiцтва.

Геранiм Уладзiслаў (3.2.1611, Смаляны—5.7.1657), сын Самуэля Сямёна. Вучыўся ў Вiленскай акадэмii, дзе ў 1628 стаў езуiтам, у Кракаве, Сандамiры, Познанi. У 1640 выйшаў з ордэна езуiтаў. Сакратар Уладзiслава IV, суфраган (намеснiк бiскупа) вiленскi з 1644, бiскуп смаленскi з 1654.

Казiмiр Антонi (1677—30.5.1706), сын Геранiма. З 1699 неаднаразова выбiраўся паслом на соймы. Маршалак дворны ВКЛ у 1702—03 i вялiкi ў 1703. Прыхiльнiк Аўгуста II. Валодаў Ракавам у Менскiм ваяв., Крупкамi, Няклюдавам i Абольцамi ў Аршанскiм пав. i iнш., трымаў Падусвяцкае i Больнiцкае стараствы.

Павел Кароль (1680—14/15.4.1750), сын Геранiма. Стольнiк ВКЛ у 1708—09 (прызначаны Станiславам Ляшчынскiм), палкоўнiк гвардыi ВКЛ (1711), падскарбi дворны ў 1711—13, маршалак дворны ў 1713—34 i вялiкi з 1734. Прыхiльнiк Аўгуста II. Пасля яго смерцi (1733) быў сярод прэтэндэнтаў на трон Рэчы Паспалiтай (меў падтрымку Расii), пасля падтрымаў абранне Аўгуста III. Валодаў Смалянамi, Палоннай, Гаўрылкавам i Янавам у Вiцебскiм ваяв., Дабраўлянамi i Смаргонню ў Вiленскiм ваяв., палацамi ў Гародні i Дабраўлянах, маёнткамi на Украiне, у Польшчы i Славакii.

Януш Аляксандр (5.5.1712—13.9.1775), сын Паўла Караля. Выбiраўся паслом на соймы. Мечнiк ВКЛ у 1735—50, маршалак дворны ў 1750—60.

Юзаф Паўлiн Ян Адам (20.6.1740—12.5.1781), сын Паўла Караля. Стараста крамянецкi ў 1752—80, маршалак дворны ВКЛ у 1760—68 i вялiкi з 1768. На сойме 1767—68 абвясцiў «Праект рэформы ўрада», якi прадугледжваў прыняцце адзiнага кодэкса права для ўсёй Рэчы Паспалiтай. Падпiсаў акт Кардынальных правоў. У 1771 таемна далучыўся да Барскай канфедэрацыi. Меў палацы ў Менску i Гародні.

Геранiм Януш [4.3.1743—23.8(4.9).1812], сын Паўла Караля. Вучыўся ў «Калегiум нобiлiум» у Варшаве. Генерал-маёр кароннага войска (1762), генерал-паручнiк войска ВКЛ (1775), мечнiк ВКЛ у 1775, ваявода валынскi з 1775. Выбiраўся паслом на соймы, на Чатырохгадовым сойме 1788—92 выступаў супраць Канстытуцыi 3 мая 1791. Далучыўся да Таргавiцкай канфедэрацыi i атрымаў чын генерал-паручнiка рас. армiі (1793). Удзельнiчаў у паўстаннi 1794, у Гародні прыняў камандаванне над войскам ВКЛ i прывёў яго на абарону Варшавы. Пасля паўстання жыў у сваiх маёнтках на Валынi, у Беларусi валодаў Дабраўлянамi.

Літаратура:

Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 1—7. Lwów, 1887—1910;

Лонгинов А.В. Князь Федор-Любарт Ольгердович и его потомки князья Сангушки: (Генеал. исслед.) // Тр. Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IХ археологического съезда. Вильна, 1893;

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastrgo wieku. Warszawa, 1895. S. 422—455;

Radzimiński Z. Monografia ks. Sanguszków oraz innych potomków Lubarta Fedora Olgerdowicza ks. Ratneńskiego. T. 1—2. Lwów, 1906—11;

Piotrowski M. Rodowód książąt Sanguszków Olgierdowiczów. Gumniska, 1931;

Chrzanowska P. Sanguszkowie. Tarnów, 1989.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.