Артыкулы: Сандамiрская канфедэрацыя

Сандамiрская канфедэрацыя, саюз шляхты Рэчы Паспалiтай, створаны ў час Паўночнай вайны 1700—21 для падтрымкi караля польскага i вял. князя лiтоўскага Аўгуста II. Становiшча Аўгуста II рэзка пагоршылася, пасля таго як у пач. 1702 войска шведскага караля Карла ХІІ уступіла ў Рэч Паспалітую, у маі 1702 захапiла Варшаву, а 20.7.1702 разбiла войска Аўгуста II пад Клiшавам. Узрасла незадаволенасць шляхты палiтыкай Аўгуста ІІ у Рэчы Паспалiтай, асаблiва прысутнасцю ў краiне саксонскага войска (Аўгуст II адначасова быў курфюрстам Саксонii). Каб забяспечыць сабе падтрымку польскай шляхты, Аўгуст II склiкаў пад Сандамiрам канфедэрацыю (абвешчана 22.8.1702, маршалак — лоўчы ВКЛ С.Э.Дэнгаф). Аднак яна была малалiкай i не мела значных узбр. сiл. Канфедэраты патрабавалi ад караля вывесцi саксонскiя войскi з Рэчы Паспалiтай, захоўваць былыя мiжнар. дагаворы i iнш. Аўгуст II прыняў умовы. Частка шляхты падтрымлiвала ўладу шведаў i прэтэндэнта на трон Станiслава Ляшчынскага. На Люблiнскiм сойме 1703 яе iнтарэсы не былi ўлiчаны, таму ў лiп. 1703 яна стварыла Велiкапольскую канфедэрацыю ў падтрымку Ляшчынскага i шведаў, а ў студз. 1704 пераехала ў Варшаву i абвясцiла сябе генеральнай канфедэрацыяй Рэчы Паспалiтай (т.зв. Варшаўская канфедэрацыя). У крас. 1704 яна абвясцiла пра дэтранiзацыю Аўгуста II. У адказ кароль склiкаў у Сандамiры сваiх прыхiльнiкаў, 20.5.1704 С.к. абвясцiла сябе генеральнай i выступiла супраць рашэнняў Варшаўскай канфедэрацыi, выказалася за працяг вайны са Швецыяй, упаўнаважыла Аўгуста II склiкаць паспалiтае рушэнне, заключыць саюз з Данiяй. 30 жн. прадстаўнiкi С.к. заключылi Нарвенскi дагавор 1704 з Расiяй аб саюзе i сумеснай барацьбе са Швецыяй. Пасля ваенных няўдач Аўгуста II i яго адрачэння ад трона (Альтранштацкi дагавор 24.9.1706) С.к. ўстанавiла цесныя адносiны з царом Пятром I. Генеральная рада С.к. ў Львове ў лют.—сак. 1707 ухваліла Нарвенскi дагавор з Расiяй, пастаўкi харчоў для рас. войск у Рэчы Паспалiтай, аднак патрабавала ад цара спынiць рабаўнiцтвы з боку яго армii, выплацiць субсiдыi для войска Рэчы Паспалiтай, вярнуць пад кантроль улад Рэчы Паспалiтай Правабярэжную Украiну, занятую ў час падаўлення сялянска-казацкiх хваляванняў. С.к. абвясцiла бескаралеўе ў Рэчы Паспалiтай, аднак не парывала сувязей з Аўгустам. С.к. прэтэндавала на ролю выразнiка iнтарэсаў б.ч. шляхты Рэчы Паспалiтай, а яе рады — на вышэйшыя органы дзярж. улады. Пасля перамогi Пятра I у Палтаўскай бiтве 1709 i аднаўлення ўлады Аўгуста II у Рэчы Паспалiтай С.к. кантралявала i тэр. Беларусi. Вальная рада С.к. ў Варшаве ў лют.—крас. 1710, якая легалiзавала статус Аўгуста II як караля, прызнана паўнамоцнай нароўнi з соймам Рэчы Паспалiтай; канфедэрацыя кантралявала правядзеннi наступных соймаў 1712—13. С.к. стала iнструментам Аўгуста II у правядзеннi яго палiтыкi ў Рэчы Паспалiтай, што выклiкала супрацьдзеянне iнш. шляхецкiх груповак. Распушчана «Нямым» соймам 1717 разам з Вiленскай канфедэрацыяй 1716 i Тарнагродскай канфедэрацыяй.

Літаратура:

Jarochowski K. Dzieje panowania Augusta II: Od wstąpienia Karola XII na ziemię polską aż do elekcji Stanisława Leszczyńskiego (1702—1704). Poznań, 1874;

Kamiński A. Konfederacja sandomierska wobec Rosji w okresie poaltransztadzkim, 1706—1709. Wrocław etc., 1969.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.