Артыкулы: Сцябельскі Ігнат

Сцябельскі Ігнат (каля 1748, Валынь—каля 1805), гісторык. Каля 1765 уступіў у ордэн базыльян. У 1770-я г. вікарый (намеснік ігумена) манастыра ў Полацку. Пасля выехаў з горада, які ў выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў межах Рас. імперыі, у 1780 ужо быў у ВКЛ. Каля 1783 пасяліўся ў Жыровіцкім манастыры, у 1785 яго вікарый. Вывучаў гісторыю правасл. і уніяцкай царквы, ордэна базыльян у Беларусі і Украіне. Аўтар кнігі «Два вялікія светачы на полацкім гарызонце, якія паўстаюць з манаскіх ценяў, або Жыціі св. дзеў і матак Ефрасінні і Параскевы...» (Вільня, 1781). У кнізе змешчаны алфавітны пералік аўтараў, творамі якіх карыстаўся С., з біябібліяграфічнымі заметкамі, і жыціі св. Ефрасінні і Параскевы з вял. каментарыямі. Як працяг гэтага выйшла кніга «Храналогія, або Дакладна па гадах сабраныя значнейшыя ў Кароне Польскай і Вялікім княстве Літоўскім, а менавіта на Белай Русі ў Полацку падзеі і перавароты...» (Вільня, 1782), дзе сабраны звесткі па царк. гісторыі Полаччыны 13—18 ст., у т.л. з прац М.Стрыйкоўскага, А.Гваньіні; прыведзены дзённік знаходжання ў горадзе Кацярыны ІІ у 1780. У т. 3, які называецца «Дадатак да храналогіі...» (Вільня, 1783), прыведзена генеалогія князёў Астрожскіх, спісы мітрапалітаў, епіскапаў, архіепіскапаў, пералік базыльянскіх капітулаў, протаархімандрытаў і правінцыялаў, а таксама прамова С. ў Полацку ў 1778 на адкрыццё Полацкага намесніцтва. Твор С., над дапаўненнем якога ён працаваў да смерці, мае вял. значэнне для даследавання гісторыі правасл. і уніяцкай цэркваў на тэрыторыі Беларусі. Склаў радавод Солтанаў (надрукаваны пасмяротна).

Творы:

Dwa wielkie światła... Lwów, 1866;

Chronologia... Lwów, 1867;

Przydatek do chronologii... Lwów, 1867;

Ostatnie ks. Stebelskiego prace. Kraków, 1878 (Scriptores Rerum Polonicarum. T. 4).

Літаратура:

Krawczyk A. Polskie tłumaczenie Żywotu świętej Efrozyny wraz z krytycznym komentarzem // Матэрыялы Трэціх Міжнародных Кнігазнаўчых чытанняў «Кніга Беларусі: Повязь часоў». (Мінск, 16—17 верасня 2003 г.). Мн., 2005.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.