Артыкулы: Сясiцкiя (Даўмонты-Сясiцкiя)

Сясiцкiя (Даўмонты-Сясiцкiя), шляхецкi род герба «Галава буйвала». Першапачатковае прозвiшча Даўмонты, ад родавага маёнтка Сясiкi ў Вiлькамiрскiм пав. пачалi звацца С. У 17 ст. ўзнiкла легенда аб паходжаннi роду ад лiт. (уцянскiх) князёў, некаторыя прадстаўнiкi роду карысталiся гербам «Гiпацэнтаўр» з княжацкай шапкай. Найб. вядомыя:

Мальхер (Мельхiёр; ?—1637?), сын Каспера Мальхеравiча, падкаморыя вiлькамiрскага. Вучыўся ў Вiленскай акадэмii. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1621, 1632, пасол на сойм 1632, маршалак вiлькамiрскi з 1623. Удзельнiчаў у вайне са Швецыяй 1600—29.

Казiмiр Уладзiслаў (Казiмiр Крыштоф; ?—26.5.1691), брат Мальхера. З маладосцi служыў у войску ВКЛ. Відаць, удзельнiчаў у вайне з Расiяй 1632—34, ваяваў з казакамi Б.Хмяльнiцкага. Прыхiльнiк бiржанскай (кальвiнiсцкай) лiнii Радзiвiлаў, з iмi падпiсаў акт Кейданскай уніі 1655 пра унiю ВКЛ са Швецыяй. У 1656 палкоўнiк войска ВКЛ, ваяваў са шведамi ў Лiтве, падначалены В.Гасеўскага ў час баявых дзеянняў у Прусii i Iнфлянтах. У час вайны з Расiяй 1654—67 ваяваў у 1660—61 i 1663—64. Вiлькамiрскi падстолi ў 1650—59, харужы ў 1659—67, стараста ў 1670—72/73, кухмiстр ВКЛ з 1667. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1638—49 i яго маршалак у 1676, пасол на соймы 1652—90. Галасаваў за абранне каралямi Яна II Казiмiра Вазы, Мiхала Вiшнявецкага i Яна III Сабескага; у 1660—70-х г. прыхiльнiк магнацкай групоўкi Пацаў, з 1680-х г. — Сапегаў. Валодаў маёнткамi ў Вiленскiм, Троцкiм i Берасцейскiм ваяв.

Мiхал (?—22.10.1713), сын Казiмiра Уладзiслава. Служыў у войску, у 1670—80-х г. ваяваў з туркамi. Вiлькамiрскi харужы з 1667 i стараста з 1672/73, ваявода менскi ў 1681—98 i мсцiслаўскi з 1698. Пасол на соймы 1670—79, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1692 i 1699. Прыхiльнiк групоўкi Пацаў, з 1680-х г. — Сапегаў.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.