Артыкулы: Тылькоўскі Войцех

Тылькоўскі Войцех (19.4.1624, Мазовія—14.1.1695), філосаф, тэолаг, педагог. У 1645 у Вільні ўступіў у ордэн езуітаў. У 1655—61 вучыўся ў Празе, працаваў у Чэхіі. Выкладаў маральную тэалогію і яўрэйскую мову ў Браневе (1663—64), філасофію і мтэматыку ў Браневе (1664—66) і Варшаве (1666—70), служыў у базіліцы св. Пятра ў Рыме (1670—73), рэгенс Папскай семінарыі і праф. матэматыкі ў Віленскай акадэміі (1773—75), прэфект школы ў Новай Мышы (1775—77), місіянер пры дварах біскупаў плоцкага і пазнанскага (1677—83), выкладаў маральную тэалогію і матэматыку ў Плоцку (1683—85), маральную тэалогію ў Варшаве (1685—92). Т. набыў вядомасць як вучоны-энцыклапедыст, пакінуў працы па тэалогіі, філасофіі, прыродных і дакладных навуках. Аўтар манументальнай серыі: «Займальная філасофія» («Philosophia curiosa», т. 1—9, 1669—90), «Займальная практычная геаметрыя» («Geometria practica curiosa», 1692), «Займальная арыфметыка» («Ariphmetica curiosa», 1668), «Займальная фізіка» («Physica curiosa», 1680), «Сямейны лекар» («Medicus familiaris», 1693), «Пра сельскую гаспадарку» («De re agrarian», 1681), «Навуковыя гутаркі, якія змяшчаюць у сабе амаль усю філасофію» («Uczone rozmowy», 1692) і інш. У Вільні выйшлі кнігі Т. «Дысідэнцкія абвінавачванні» (1718), «Крыніца дабрачыннай і палітычнай мудрасці, якая дапамагае пры застольных размовах» (1727), «Дасканалая мудрасць, заснаваная на Божым страху» (1743). Далучыўся да тэорыі Ц.Браге, згодна з якой Сонца рухалася вакол нерухомай Зямлі, а планеты рухаліся вакол Сонца. Для Т. характэрны маралізатарскі падыход да гісторыі. Адстойваў дамаганні каталіцкай царквы на вяршэнства ў хрысціянстве.

Літаратура:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII—середине XVIII в. Мн., 1971. С. 29—33.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.