Артыкулы: Уладзімір Альгердавіч

Уладзімір Альгердавіч (1332?—пасля 1398), князь кіеўскі, капыльскі і слуцкі. Сын вял. кн Альгерда і яго 1-й жонкі Марыі, князёўны віцебскай. З умацаваннем улады Альгерда на Украіне пасля бітвы каля Сініх Вод 1362 У.А. атрымаў ад бацькі Кіеўскае княства. Праводзіў палітыку пашырэння княства за кошт чарнігаўскіх, пераяслаўскіх і кантралюемых Ардой стэпавых зямель; распачаў чаканку манеты. Садзейнічаў мітрапаліту кіеўскаму і ўсяе Русі Кіпрыяну ў цэнтралізацыі рус. правасл. царквы, але пазней іх адносіны сталі халоднымі. Падтрымаў палітыку вял. кн. Ягайлы на заключэнне уніі ВКЛ з Польшчай. У 1387 выступаў сведкам пры наданні Ягайлам у Вільні прывілеяў каталіцкай царкве ў ВКЛ. У 1390 войска У.А. ўдзельнічала ў захопе сталіцы ўладанняў Вітаўта — Гародні. Вітаўт пасля замірэння з Ягайлам (Востраўскае пагадненне 1392) заключыў з былым намеснікам у ВКЛ Скіргайлам дагавор, згодна з якім той саступаў Вітаўту землі з цэнтрамі ў Вільні, Троках і Полацку, а Вітаўт абяцаў здабыць для Скіргайлы Кіеў і перадаць яму інш. ўладанні на Украіне. У.А. адмовіўся прызнаць уладу Вітаўта ў ВКЛ і выплаціць яму даніну, шукаў падтрымкі ў Маскве. Ягайла і Вітаўт пачалі рыхтаваць супраць У.А. ваенны паход, і ў 1395 ён быў вымушаны адмовіцца ад Кіеўскага княства. Як кампенсацыю атрымаў значнае Капыльскае (Слуцкае) княства. Удзельнічаў у заключэнні Салінскага дагавора 1398 з крыжакамі. Меў сыноў Аляксандра (Алельку) — родапачынальніка князёў Алелькавічаў (Слуцкіх), Івана — родапачынальніка князёў Бельскіх і Андрэя Уладзіміравіча.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.