Артыкулы: Феадарыт
Феадарыт (?—1355?), мітрапаліт кіеўскі. Паходжанне не вядома. У 1352, яшчэ пры жыцці кіеўскага мітрапаліта Феагноста (1328—53), прыбыў у Канстанцінопаль да патрыярха Філафея з весткай пра смерць мітрапаліта і прасіў аб пастаўленні на яго месца. Патрыярх затрымаў Ф., каб удакладніць звесткі аб смерці Феагноста і высветліць асобу Ф. Той уцёк да тырнаўскага (балгарскага) патрыярха (Сімяона або Феадосія ІІ) і атрымаў ад яго пасвячэнне на пасаду мітрапаліта кіеўскага. Прыбыў у Кіеў, дзе быў прыняты як законны мітрапаліт. Магчыма, Ф. падпарадкоўвалася ўся правасл. царква ВКЛ. Канстанцінопальскі патрыяршы сабор абвясціў Ф. звергнутым. У чэрв. 1354 патрыярх прызначыў мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі маскоўскага стаўленіка Аляксея, а ў ліп. 1354 пераконваў наўгародскага архіепіскапа Маісея, каб той прызнаваў уладу мітрапаліта Аляксея, а не Ф. Відаць, Ф. памёр у 1355, калі за Кіеў спрачаліся мітрапаліты літоўскі Раман і кіеўскі Аляксей. Паводле рус. крыніц, ініцыятарам пастаўлення Ф. на пасаду мітрапаліта былі «паўднёвыя князі Русі». Магчыма, Ф. быў стаўленікам кіеўскага кн. Фёдара (брата Гедзіміна?) або вял. князя літоўскага Альгерда. Пастаўленне Ф. на кіеўскую мітраполію стала першай спробай стварэння рускай аўтакефальнай правасл. царквы, незалежнай ад Канстанцінопальскага патрыярхату (залежнасць ад Тырнаўскага патрыярхату магла быць толькі фармальнай).
Літаратура:
Голубинский Е.Е. История Русской Церкви. Т. 2, 1-я пол. М., 1901. С. 179—182;
Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Т. 1. Одесса, 1912;
Мейендорф И. Византия и Московская Русь: Очерк по истории церковных и культурных связей в XIV в. // Мейендорф И. История церкви и восточно-христианская мистика. М., 2003.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне